BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Знайсці цішыню ў цэнтры вялікага горада». Касцёл на Залатой Горцы ў Мінску ўключылі ў ахоўную зону

Старадаўнія могілкі вакол храма будуць абаронены законам ад забудовы

Міністэрства культуры Беларусі зацвердзіла праект ахоўнай зоны, размешчанай у цэнтры Мінска - у раёне перасячэння праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова (ад ЦУМа да Ваенных могілак). Згодна з дакументам, апублікаваным 16 студзеня на Нацыянальным прававым партале, у праект увайшлі каталіцкі храм Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы і Вайсковыя могілкі з праваслаўным храмам Аляксандра Неўскага. Гэта азначае, што дадзеныя будынкі нельга зносіць, а тэрыторыю ў межах зоны забаронена забудоўваць.

Рашэнне аб унясенні будынка касцёла ў ахоўную зону вельмі важнае, лічыць пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы кс. Юрый Санько. У інтэрв'ю Беларускай службе Vatican News ён распавёў, што парафіяне даўно чакалі гэтага рашэння, перш за ўсё - дзеля захавання тэрыторыі Залатагорскіх могілак, што месціяца каля святыні.

«Гэта гарантыя таго, што ўчастак Залатагорскіх могілак не будзе забудаваны - ён перайшоў пад ахову дзяржавы. Што тычыцца нашых планаў па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол касцёла - статус ахоўнай зоны нам не пашкодзіць, бо мы не плануем нейкіх грунтоўных праектаў, а толькі стварэнне парку, добраўпарадкаванне», - распавёў святар.

Пробашч адзначыў, што беларускае заканадаўства прадугледжвае магчымасць будаўніцтва на месцы былых могілак культавых аб'ектаў або стварэнне там паркавых зон.

«Гэта вялікая радасць, што Залатагорскія могілкі, якія да канца не ўдалося разбурыць за савецкім часам, будуць захаваны. І вялікая падзяка, перш за ўсё вернікам, якія шмат маліліся ў гэтай інтэнцыі - каб больш не былі патрывожаныя нашы продкі, якія пахаваныя на гэтых каталіцкіх могілках, - дадаў кс. Юрый. - Паводле нашых канонаў, любыя могілкі - гэта асвечаная зямля. Мы плануем, што гэта будзе месца малітвы, адпачынку, куды можна будзе прыйсці з дзецьмі, знайсці цішыню ў цэнтры вялікага горада, пабыць сам-насам са сваімі думкамі, памаліцца».

Нагадаем, зараз працягваецца рэканструкцыя касцёла Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы, затым пачнецца добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол святыні.

Media

Last modified onЧацвер, 17 Студзень 2019 13:56
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць