Тры гады як закрыты Чырвоны касцёл у Мінску: вернікі пачынаюць зваротны адлік
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Соцыум
- Add new comment
Да адкрыцця храма засталося 16 месяцаў.
Мінула тры гады з таго часу, як закрылі Чырвоны касцёл у Мінску – храм парафіі Святога Сымона і Святой Алены, адну з самых вядомых каталіцкіх святынь Беларусі, якая знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы. 25 верасня 2022 года тут апошні раз адпраўлялі святую Імшу. У наступную ноч у храме адбыўся пажар пры дзіўных абставінах і 26 верасня дзверы касцёла апячаталі.
Улады заявілі, што пасля гэтага невялікага пажару, пра вынікі расследвання якога так і не паведамілі, эксплуатацыя будынку забароненая. Пазней паведамілі пра неабходнасць рэканструкцыі храма, якая пачалася толькі ў чэрвені 2025 году, болей чым праз два з паловай гады пасля закрыцця касцёла.
Паўнавартаснае жыццё шматлікай парафіі прыпынілася. Увесь гэты час вернікі вымушаныя збірацца ў катэдральным касцёле, дзе арганізаваныя дадатковыя святыя Імшы. Заўважна меней дзяцей сталі праходзіць катэхізацыю і рыхтавацца да Першай камуніі, у супольнасці стала меней шлюбаў і хростаў.
Перастаў працаваць сайт парафіі, які змяшчаў багатыя гістарычныя звесткі пра касцёл, не абнаўляюцца і яе сацсеткі, быў зменены пробашч парафіі. Публічна пра сітуацыю не ўзгадваюць у архідыяцэзіі. У вернікаў няма пэўнасці, што пасля завяршэння рэканструкцыі ў храм зноў пусцяць парафію.
Аднак каб не акцэнтавацца толькі на сумных фактах з нагоды гадавіны, каб надаць сітуацыі пазітыву, прыўнесці ў працэс канструктыў, узмацніць надзею і пэўным чынам «запраграмаваць» у свядомасці станоўчыя змены, вернікі ініцыявалі распачацце зваротнага адліку: колькі часу застаецца да адкрыцця касцёла. Бо дата завяршэння рэканструкцыі ўжо вядомая – гэта канец студзеня 2027 году.
Такім чынам, да адкрыцця Чырвонага касцёла засталося 16 месяцаў. Дасць Бог, у студзені 2026 году мы паведамім, што гэта падзея здарыцца праз адзін год, а ў чацвёртую гадавіну закрыцця храма адзначым, што яго дзверы павінны адчыніць усяго праз чатыры месяцы.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
-
Як прасоўваецца рэканструкцыя Чырвонага касцёла ў Мінску – фотафакт
-
У «Гомельскіх Курапатах» адбылося набажэнства, а ў Мінску, падобна, – зноў не
-
На будоўлі ў Мінску знайшлі чалавечыя парэшткі – тут былі каталіцкія могілкі
-
Кардынал Гуджэроці звярнуўся да дзяржслужачых і ўсіх жыхароў Беларусі
-
Масква, Саратаў, Нароўля. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч – рэкардсмен у душпастырскіх візітах