Папа Францішак адзначыў ролю Беларусі ў працэсе аднаўлення міру ва Украіне
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Царква
- Add new comment
Пантыфік запэўніў, што моліцца за моладзь Беларусі і ўвесь беларускі народ.
25 верасня ў Апостальскім Палацы Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. Пантыфік прадэманстраваў глыбокае веданне ролі Беларусі ў працэсе аднаўлення міру ва Украіне і выказаў перакананне, што асаблівая роля хрысціян — быць міратворцамі, таму што любоў мацнейшая за любыя этнічныя падзелы і палітычныя рознагалоссі.
Папа з энтузіязмам прыняў да ведама, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі застаецца жывой і актыўнай супольнасцю, і дакладней затрымаўся на важных сёлетніх падзеях жыцця беларускіх католікаў. Пантыфік таксама падкрэсліў, што і надалей Святы Пасад будзе намагацца дзейнічаць на карысць беларускага народа, і выказаў надзею на тое, што атмасфера дыялогу і ўзаемапаразумення паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь будзе ўмацоўвацца, дазваляючы знайсці пазітыўнае рашэнне некаторых адкладзеных пытанняў.
Апостальскі Нунцый перадаў Папу Францішку некалькі пілігрымскіх футболак — падарунак беларускай каталіцкай моладзі, якая сёлета пілігрымавала ў санктуарый Маці Божай Будслаўскай. З жывой зацікаўленасцю Пантыфік азнаёміўся са здымкамі і пасланнем, якое скіравалі Святому Айцу маладыя беларускія пілігрымы.
Папа выказаў надзею на тое, што маладыя беларусы, незалежна ад веравызнання і перакананняў, адчуваюць сябе пратаганістамі будучыні, людзьмі неабыякавымі да супольнага дабра сваёй краіны і ўсяго чалавецтва.
Напрыканцы Пантыфік запэўніў, што моліцца за моладзь Беларусі і ўвесь беларускі народ.
Related items
- Тым, хто не можа на Радуніцу памянуць блізкіх у храме, прапануюць гэта зрабіць дыстанцыйна і бясплатна
- Як у вёсках праходзяць Маёвыя набажэнствы, паказалі на Гродзеншчыне
- «Сезон пілігрымак» адкрыла паломніцтва з Пінска ў Лагішын
- Названа «лепшае фота» з палярным ззяннем – над прыдарожным крыжам
- Над дамамі і храмамі: здымкамі яркага палярнага ззяння дзеляцца ў сетках