BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Папа Францішак у СЕ: Еўропа, дзе твая моц?

Савет Еўропы, у намеры яго бацькоў-заснавальнікаў, быў адказам на “ідэйнае імкненне да адзінства”, - нагадаў папа Францішак.

Ён наведаў 25 лістапада 2014 г. штаб-кватэру арганізацыі і выступіў там з прамовай. “Каб здабыць каштоўнасць міру, трэба, перш за ўсё, выхоўваць да яго, не прымаючы культуры канфлікту, якая імкнецца запалохаць іншага, маргіналізаваць тых, хто думае ці жыве па-іншаму”, - сказаў Папа і дадаў, што сёння, “на жаль, усё яшчэ занадта часта даходзіць да нападак на мір. Яму супрацьстаяць розныя формы канфлікту, у тым ліку міжнародны тэрарызм на рэлігійнай глебе, які мае “глыбокую пагарду да чалавечага жыцця і слепа збірае нявінныя ахвяры”. Пантыфік заявіў, што гандаль узбраеннямі з’яўляецца “чумой чалавецтва” і “невыноснай крыўдай для бедных”. Гэта з’ява сцісла звязана з гандлем людзьмі – сучасным рабствам. “Але мір – гэта не проста адсутнасць вайны, канфліктаў і напружанасці”, - звярнуў увагу Францішак і нагадаў, што з хрысціянскага пункту гледжання ён з’яўляецца “дарам Божым і плёнам свабоднай і рацыянальнай дзейнасці чалавека, які мае намер рэалізаваць агульнае дабро ў праўдзе і любові”.

Папа заўважыў важнасць абранага Саветам Еўропы шляху да пашырэння правоў чалавека, звязанага з развіццём дэмакратыі і вяршэнствам закона. Ён прызнаўся, што “адчувае сябе вымушаным” нагадаць пра адказнасць еўрапейцаў і іх уклад у культурнае развіццё чалавецтва. На працягу гісторыі Еўропа заўсёды імкнуўся да высокіх і амбіцыйных мэтаў развіцця, прагрэсу, міру і адзінства. Гэта магчыма пры моцнай повязі з каранямі. А карані Еўропы сілкуюцца ісцінай, якая з’яўляецца “рухаючай сілай любога грамадства, што хоча быць па-сапраўднаму свабодным, гуманістычным і салідарным”. Ісціна заўсёды спасылаецца на сумленне.

Без гэтага пошуках ісціны, “кожны становіцца мерай сябе і сваіх дзеянняў, пракладваючы шлях для суб’ектыўнага пацвярджэння правоў, у выніку чаго канцэпцыя правоў чалавека, якая сама па сабе з’яўляецца ўніверсальнай каштоўнасцю, замяняецца ідэяй індывідуалістычнага права”. Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да незаўважання іншых і спрыяе развіццю глабалізацыі абыякавасці, што нараджаецца з эгаізму, звярнуў увагу Францішак.

Папа назваў індывідуалізм “бедным і культурна бясплодным” і прызнаўся, што перад яго вачыма прадстае Еўропа, параненая шматлікімі падзеямі мінулага і сённяшнім крызісам; Еўропа, “крыху стомленая і песімістычная, якая знаходзіцца ў аблозе навінаў з іншых кантынентаў”. “Еўропа – дзе ж твая сіла? - спытаўся Святы Айцец - дзе гэта ідэйнае імкненне, якое ажыўляла і рабіла тваю гісторыю выдатнай; дзе твой дух зацікаўленай упэўненасці; дзе тваё імкненне да ісціны, якім да гэтага часу ты з запалам дзялілася са светам?”. Ад адказаў на гэтыя пытанні, лічыць Папа, будзе залежаць будучыня кантынента.

Папа звярнуў увагу на працу Еўрапейскага суда па правах чалавека і пажадаў, каб быў сапраўдным “сумленнем” Еўропы ў галіне правоў чалавека, і каб гэта сумленне станавілася ўсё больш і больш сталым, не столькі праз марныя пагадненні паміж бакамі, але праз імкненне да глыбокіх каранёў, на якіх вырашылі пабудаваць адзіную Еўропу яе бацькі-заснавальнікі.

Святы Айцец заўважыў, што сёння Еўропа з’яўляцца шматпалярнай: напружанасці ўзнікаюць паміж шматлікімі культурнымі, рэлігійнымі і палітычнымі полюсамі кантынента. На яго думку, адным з супольных выклікаў з’яўляецца “глабалізацыя” гэтай шматпалярнасці, якая павінна прывесці не да панавання аднаго з бакоў, але да “канструктыўнай гармоніі” і захавання культурнай і рэлігійнай самабытнасці народаў.

Францішак адзначыў таксама важнасць супрацоўніцтва і дыялогу паміж еўрапейскімі палітыкамі розных пакаленняў, якія часта маюць розныя падыходы да рашэння адных і тых жа праблем. Дыялог, які вядзецца толькі ўнутры палітычных, рэлігійных і культурных структур, адной палітычнай опцыі, часта з’яўляецца бясплённым, падкрэсліў Пантыфік. Еўрапейскай палітыцы неабходны малады дух, які прыме выклік трансверсальнасці, перакананы ён.

Папа высока ацаніў намаганні Савета Еўропы па спрыянні міжкультурнаму і міжрэлігійнаму дыялогу на кантыненце. Ён запэўніў у падтрымцы гэтых ініцыятыў з боку Касцёла, а таксама ўказаў на важнасць узаемнага ўзбагачэння ў тэмах, якія тычыцца правоў чалавека, клопату аб чалавечым жыцці, абароны мігрантаў, барацьбы з беспрацоўем і беднасцю.

“Горача жадаю, каб усталявалася новае сацыяльнае і эканамічнае супрацоўніцтва, свабоднае ад ідэалагічных абумоўленасцяў, здольнае адказаць глабалізаванаму свету захаваннем жывога пачуцця салідарнасці і ўзаемнай любові, якія моцна пазначылі аблічча Еўропы, дзякуючы шчодрай дзейнасці сотняў людзей, некаторых з якіх Каталіцкі Касцёл лічыць святымі, што на працягу стагоддзяў працавалі дзеля развіцця кантынента, не столькі праз прадпрымальніцтва, колькі праз адукацыйную, дабрачынную і накіраваную на чалавечае развіццё дзейнасць”, - сказаў Папа. На заканчэнне прамовы ён звярнуў увагу на неабходнасць супрацоўніцтва ў сферы абароны навакольнага асяроддзя, паведамляе
radiovaticana.va.

Нагадаем, у той жа дзень Папа выступіў у Еўрапарламенце: Еўропа - бясплодная ледзь жывая бабуля >>>

Last modified onАўторак, 25 Лістапад 2014 19:24
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць