BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Дзяржсакратару Ватыкана перададуць просьбу вернікаў да Папы Францішка наведаць Беларусь

У межах візіту запланаваны сустрэчы кардынала Пьетро Параліна з Прэзідэнтам краіны, прадстаўнікамі Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла.

З 12 па 15 сакавіка ў Беларусі будзе знаходзіцца з афіцыйным візітам Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка кардынал Пьетро Паралін. У межах візіту запланаваны сустрэчы кардынала з Прэзідэнтам краіны, іншымі прадстаўнікамі дзяржаўнай улады, Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла - з біскупамі, моладдзю, вернікамі.

- Яны дадуць магчымасць высокаму прадстаўніку Апостальскай Сталіцы лепш пазнаць жыццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама адносіны паміж дзяржавай і Касцёлам. Яны развіваюцца, не стаяць на месцы, аднак ёсць і нямала праблем, якія бачны асабліва ў апошнія часы, - спадзяемся, што гэтыя праблемы будуць паволі вырашацца, чаму, магчыма, паспрыяе і візіт кардынала Пьетро Параліна, - адзначыў для Catholic.by Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Таксама арцыпастыр спадзяецца, што гэты візіт будзе спрыяць і вырашэнню праблем з выдзяленнем зямлі і з рэалізацыяй праекту Мінскай тэалагічнай акадэміі імя св. Яна Паўла ІІ.

Кажучы аб тым, ці можа візіт Дзяржаўнага Сакратар наблізіць візіт Папы ў Беларусь, Мітрапаліт зазначыў:

- Вельмі хацелася б, каб сапраўды так было, бо мы чакаем Папу ў Беларусі ўжо вельмі даўно. (...) Мы хочам звярнуцца да кардынала Пьетро Параліна з тым, каб ён перадаў нашу настойлівую просьбу - ад імя не толькі біскупаў, але і вернікаў, бо вернікі вельмі просяць аб гэтым, - каб Папа Францішак у сваёй праграме запланаваў і візіт у Беларусь.

Мітрапаліт звярнуў таксама ўвагу на запланаваную сустрэчу кардынала з моладдзю: Дзяржаўны Сакратар наведае Міждыяцэзіяльнае начное велікапоснае чуванне моладзі, якое распачнецца 14 сакавіка ў 19.00 у мінскім касцёле свв. Сымона і Алены.

Нагадаем, адным з пунктаў праграмы візіту кардынала ў Беларусь стане асвячэнне вуглавога каменя Апостальскай Нунцыятуры, якая будуецца. У сувязі з гэтым Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч патлумачыў:

- Ужо даўно ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Ватыканам; у Беларусі ёсць Апостальскі Нунцый - кажучы свецкай мовай, пасол Ватыкана, - які прадстаўляе самога Папу. Размаўляючы з Нунцыем, мы размаўляем з прадстаўніком Пантыфіка, і для нас як біскупаў надзвычай важна і з’яўляецца вялікім шчасцем такім чынам кантактаваць са Святым Айцом і Апостальскім Пасадам. На жаль, дасюль не было будынка Апостальскай Нунцыятуры - яна знаходзіцца ў звычайным доме, простым памяшканні. Аднак у апошнія часы справа паспяхова вырашаецца. Дзяржава выдзеліла адпаведную пляцоўку пад будаўніцтва нунцыятуры.

Last modified onСубота, 07 Сакавік 2015 17:06
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць