BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Святар: скаўтынг - тая форма жыцця, якой патрабуе сучасная моладзь

«Скаўтынг фарміруе чалавека з усіх бакоў - і духоўна, і інтэлектуальна, і фізічна, дае стымул да развіцця».

Душпастырам мінулай нацыянальнай вандроўкі каталіцкіх скаўтаў Беларусі быў пробашч івянецкай парафіі Святога Міхаіла Арханёла айцец Лех Баханэк OFMConv - ён упершыню прайшоў са скаўтамі ўсю пілігрымку.

Як прызнаўся айцец, ён вельмі рады, што яму ўдалося прайсці са скаўтамі ўвесь шлях і зразумеў, што такая вандроўка вельмі добра яднае яе ўдзельнікаў. У адрозненні ад звычайнай касцёльнай пілігрымкі вандроўка скаўтаў не мае забеспячэнне транспартам, кухняй і начлегам. Тут святар убачыў супольную працу па рыхтаванні пасілка, начлега, узаемадапамогу - гэта ўсё дадаткова яднае і яшчэ больш набліжае да Бога. Гэта не толькі словы аб любові да бліжняга, але тут усе разам падзяляюць працу, падтрымліваюць адзін аднаго, лічыць айцец Лех.

Дарэчы, ён займаецца са скаўтамі ўжо каля пяці гадоў, пазнае гэту форму пастырскай працы і бачыць, што скаўтынг - гэта тая форма жыцця, якой патрабуе менавіта сучасная моладзь:

- Скаўтынг фарміруе чалавека з усіх бакоў - і духоўна, і інтэлектуальна, і фізічна, дае стымул да развіцця. Вельмі важна, каб у фармаванні маладога чалавека заўсёды былі гэтыя элементы. І таксама гледзячы на наш цяжкі для душпастырства час, калі моладзь вельмі складана адцягнуць ад кампутара, калі яна часта мае досвед толькі віртуальных зносін, пераконваюся, што скаўтынг ідэальны менавіта для нашага часу.

У парафіі айца Леха ўжо больш за 120 скаўтаў, і моладзь працягвае далучацца да скаўтынгу. Бачачы плён такога душпастырства, айцец Лех засмучаецца тым, што многія іншыя пробашчы мала цікавяцца скаўтынгам і не развіваюць яго ў сваіх парафіях.

Набліжаецца лета - самая гарачая пара для скаўтаў. Яны ўжо пачалі рыхтавацца да сваёй галоўнай гадавой падзеі - летнікаў, на якіх збіраюцца ўсе скаўты і разам праводзяць час. Як правіла, летнікі доўжацца каля двух тыдняў, якія скаўты жывуць у лесе, самі сабе майструюць месцы для начлегу і рыхтуюць на вогнішчы ежу. Таксама падчас летнікаў скаўты гуляюць у свае адмысловыя гульні і перажываюць іншыя педагагічныя моманты, якія дапамагаюць ім фармавацца фізічна, інтэлектуальна і духоўна, пазнаваць Бога праз непасрэдны кантакт з прыродай.

Last modified onНядзеля, 17 Май 2015 11:21
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць