BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Касцёл Італіі прыме каля 100 тыс. бежанцаў

Католікі Францыі ўжо даўно аказваюць падобную дапамогу.

На заклік папы Францішка аб прыняцці ўсімі парафіямі па адной сям’і бежанцаў ужо адказалі мясцовыя Касцёлы ў розных краінах Еўропы. У Францыі, якая з’яўляецца адным з галоўных напрамкаў для бежанцаў, Касцёл ужо даўно аказвае падобную дапамогу. Арцыбіскуп Ліёна кардынал Філіп Барбарэн адзначыў, што заклік Пантыфіка можа прынесці добрыя плёны і паспрыяць “усеагульнай мабілізацыі сумленняў”. На яго думку, прапанова Святога Айца з’яўляецца цалкам рэалістычнай. Французскія парафіі ў стане прыняць па адной сям’і бежанцаў, заўважыў ён. 

Іншая сітуацыя ў Венгрыі. Арцыбіскуп Эштэргом-Будапешскі кардынал Пэтэр Эрдо прызнаўся, што венгерскія парафіі не ў стане адказаць на заклік Святога Айца з прычыны асаблівых патрабаванняў заканадаўства краіны.

Поўным рашучасці прыняць каля 100 тыс. бежанцаў з’яўляецца Касцёл у Італіі. 30 верасня-2 кастрычніка 2015 г. тут пройдзе спецыяльная нарада епіскапату, на якой будуць разглядацца магчымасці кожнай з 226 дыяцэзій. Многія рымскія парафіі ўжо паінфармавалі аб гатоўнасці памяшканняў для прыняцця патрабуючых, распавёў кіраўнік мясцовага аддзялення “Caritas” кс. Энрыка Ферочы. У той жа час застаюцца невырашанымі бюракратычныя праблемы, звязаныя з рэгістрацыяй замежнікаў, забеспячэннем іх медыцынскіх патрэбаў і накіраваннем дзяцей у школы.

Касцёл у Мілане ўжо прыняў каля 800 бежанцаў, у Генуі – 400, з якіх 70 пражывае ў будынку семінарыі. У пампейскім марыйным санктуарыі гасцяць 12 жанчын і 2 дзіцяці з Афрыкі. Каля 100 чалавек было прынята касцёльнымі структурамі ў Фларэнцыі.

У Вялікабрытаніі кардынал Вінцэнт Ніколс звярнуўся да ўраду з просьбай аб вылучэнні фінансавых сродкаў на патрэбы мігрантаў, а католікаў заклікаў да малітвы і ўчынкаў салідарнасці. 

Парафіі і супольнасці Варшаўскай архідыяцэзіі дапамогуць бежанцам, запэўніў яе прадстаўнік кс. Пшэмыслаў Слівінскі. Праз адмысловы канал у “Твітэры” святар паведаміў, што ў бліжэйшыя дні пройдуць кансультацыі, якія дадуць адказ на тое, якога кшталту дапамогу змогуць аказаць мясцовыя парафіі.

be.radiovaticana.va

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць