Logo
Print this page

У Беларусі рэфармуюць каталіцкія семінарыі

Студэнтаў з розных рэгіёнаў аб'яднаюць, уводзіцца год падрыхтоўкі.

“Каталіцкія семінарыі Беларусі чакаюць перамены і мадыфікацыя”, — паведаміў “Каталіцкаму Весніку” біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які ўзначальвае Камiсію па справах фармацыi семiнарыстаў i святароў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

Па словах іерарха перамены ў арганізацыі навучальнага працэсу ў беларускіх семінарыях звязаны перадусім з візітам у Беларусь у маі 2015 года Сакратара кангрэгацыі па справах духавенства арцыбіскупа Хорхэ Карласа Патрона Вонга. Вынікам гэтага візіту стаў ватыканскі дакумент, у якім прапануецца арганізаваць прапедэўтычны год у семінарыях. Гэта значыць, семінарысты, перш чым пачаць непасрэдна навучанне ў вышэйшай духоўнай семінарыі, павінны будуць прайсці год падрыхтоўкі.

Як вядома, на сённяшні дзень у Беларусі функцыянуюць дзве духоўныя каталіцкія семінарыі: у Гродне і Пінску. Пасля падрыхтоўчага году навучэнцы будуць вывучаць філасофію ў семінарыі ў Пінску, а тэалогію – у семінарыі ў Гродне.

Па словах біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB такі навучальны працэс дазволіць семінарыстам лепш спазнаць агульнабеларускую сітуацыю Касцёла, пазнаёміцца з багаццем Касцёла як на ўсходзе, так і на захадзе Беларусі. Аб’яднанне студэнтаў з розных рэгіёнаў Беларусі стане таксама добрым грунтам для паўстання Духоўнай Акадэміі ў Мінску.

Біскуп Аляксандр зазначыў таксама, што акрамя яго над мадыфікацыяй навучальнага працэсу ў семінарыях працуюць члены камісіі: бiскуп Юзаф Станеўскi з Гродна, бiскуп Антонi Дзям’янка з Пінска, кс. Раман Рачко, рэктар семінарыі ў Гродне, i кс. Андрэй Рылка, рэктар семінарыі ў Пінску.

Плануецца, што запланаваныя змены ўвойдуць у жыццё з новага навучальнага года ў 2016 годзе.

Last modified onПятніца, 13 Лістапад 2015 12:13
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.