Logo
Print this page

Католікі Беларусі праводзяць Дзень перапрашэння за злачынствы савецкага атэізму

Таксама ў касцёлах моляцца аб дараванні грахоў святароў, вернікаў і ўсяго народа.

Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, 3 чэрвеня, па рашэнні канферэнцыі біскупаў Каталіцкай царквы ў Беларусі праводзіцца Дзень перапрашэння. У кожнай каталіцкай парафіі краіны пасля Імшы служаць спецыяльнае «Набажэнства перапрашэння» за абразу святыняў, духоўных асоб, за грахі святароў, вернікаў і ўсё зло народа. У гэты дзень біскупы заклікалі ўсіх вернікаў прытрымлівацца посту.

«Набажэнства перапрашэння» з'яўляецца таксама пэўным экзарцызмам - выгнаннем злых духаў для ўсяго беларускага народа (нагадаем, нядаўна ў Беларусі быў прызначаны нацыянальны экзарцыст). Перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам - Целам Хрыстовым - католікі просяць прабачэння ў Бога «за зло і грахі, учыненыя ў мінулыя дзесяцігоддзі».

У прыватнасці: за храмы, пераабсталяваныя пад склады, фабрыкі і заводы, спартыўныя залы, за людзей, якія знішчылі храмы, за знявагу святых абразоў, за праклінанне Царквы, за шкоду, нанесеную Царкве пры дапамозе магіі і акультных практык, за перашкоды ў будаўніцтве храмаў, за знішчэнне крыжоў і прыдарожных каплічак, прысвечаных Панне Марыі, за зневажанне і знішчэнне могілак, за забітых і арыштаваных святароў і свецкіх, за пераслед і ліквідацыю манаскіх супольнасцяў, за атэізм і адыход ад веры, за кожнае зло, здзейсненае для таго, каб знішчыць веру ў сэрцах людзей.

Таксама вернікі просяць прабачэння за грахі святароў, у тым ліку за тых, якія падавалі дрэнны прыклад жыцця, упадалі ў спакусы, дрэнна выконвалі свае абавязкі. Католікі просяць дараваць святарам за руцінную малітву, за недахоп любові да вернікаў, за ўпадзенне ў залежнасці, за спакушанасць прывідам багацця, за нягодную цэлебрацыю святых сакрамэнтаў, а яшчэ дараваць тым, хто спакушаў духоўных асобаў да граху, даносіў на духавенства.

Трэцяя частка Набажэнства перапрашэння - за грахі саміх вернікаў, у тым ліку за веру ў забабоны і варожбы, за праклёны і шуканне дапамогі ў нячыстых сілах з мэтай нашкодзіць бліжняму, а таксама за разводы, аборты, нянавісць, пыху і эгаізм, сваркі, хлусню, абгавор і паклёп на бліжняга, за грахі ў сэксуальнай сферы, учыненыя думкай, словам і справай, за п'янства і алкагалізм, за крадзеж, асабліва грамадскай уласнасці, за недахоп адказнага выхавання дзяцей у духу веры і хрысціянскай любові, за недахоп прабачэння і прымірэння, за імкненне больш мець, чым быць, за ігнараванне людзей, якім патрэбна дапамога, іншыя грахі супраць Бога і бліжняга.

Last modified onПанядзелак, 06 Чэрвень 2016 13:15
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.