BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Касцёл у Котаўцы будаваць не будуць, выдзелена новае месца

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч зацвердзіў участак на вуліцы Някрасава.

На пабудове касцёла ў Котаўцы ўжо можна ставіць кропку. Святыні ў скверы не будзе. Пра гэта карэспандэнту часопіса «Ave Maria» паведаміў пробашч парафіі свв. Апосталаў Пятра і Паўла і Яўгена дэ Мазэно айцец Дзмітрый Занямонскі ОМІ.

«Касцёл у скверы Котаўка не будзе пабудаваны. Нам быў прапанаваны новы ўчастак зямлі, і мы далі згоду на яго. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч гэтую прапанову зацвердзіў. Цяпер вядзецца праца па падрыхтоўцы неабходнай дакументацыі», — распавёў а. Дзмітрый спецыяльна для часопіса «Ave Maria».

Паводле словаў святара, новы ўчастак для будаўніцтва касцёла будзе размешчаны «ў зоне грамадскай забудовы па вуліцы Някрасава».

«Нейкую частку раней распрацаванага праекта касцёла трэба змяніць. Напрыклад, звязаную з падмуркам і сеткамі, таму што гэта новая тэрыторыя, а значыць — ужо новыя ўмовы», — заўважыў айцец Дзмітрый у сваім каментары.

Нагадаем, што першапачаткова святыню планавалася пабудаваць у мінскім скверы Котаўка. Для гэтага будаўніцтва, паводле словаў мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, быў атрыманы неабходны дазвол ад прэзідэнта, аднак у маі мінулага года, калі ў сквер прыехала брыгада «Зелянбуду», каб падрыхтаваць участак і высекчы неабходную частку дрэваў, ёй перашкодзіла група мясцовых жыхароў і актывістаў «Зялёнай сеткі». Пратэстуючыя заяўлялі, што будаўніцтва не мае законных падставаў.

У выніку шматлікіх пратэстаў «зялёных» і мясцовых жыхароў будаўніцтва было прыпынена да снежня 2016 года, калі сітуацыя паўтарылася. Старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац заявіў на прэс-канферэнцыі, што, «хутчэй за ўсё, у скверы нічога будаваць не будзем». Такім чынам, будаўніцтва было спынена, а потым перанесена ў іншае месца.

Першапачатковай і прыярытэтнай задачай для мінскіх аблатаў сёння з’яўляецца пабудова касцёла ў новым месцы.

«Важна, каб у нас з’явілася сваё месца малітвы, сустрэчы і катэхізацыі, бо без гэтага развіццё парафіі ці нейкае яе жыццё, немагчымае», — падкрэсліў айцец Дзмітрый Занямонскі ОМІ.

Дапрацоўка архітэктурнага плана касцёла, звязаная з пераносам будаўніцтва святыні, а таксама шматлікія іншыя выдаткі патрабуюць дадатковых фінансвавых сродкаў, таму на пытанне часопіса «Ave Maria», ці патрэбная грашовая дапамога парафіі, айцец Дзмітрый адказаў «так».

«Фінансавая дапамога ў пабудове касцёла нам заўжды патрэбная. Усе мы ведаем, што святыні ў нас будуюцца пераважна за нейкія ахвяры, ахвяры нашых людзей ці кагосьці іншага. Таму мы, вядома, таксама шукаем такіх ахвярадаўцаў».

Пакуль ідзе падрыхтоўка неабходнай дакументацыі, вельмі важная малітва ў інтэнцыі будаўніцтва, малітва кожнага католіка, якая, безумоўна, будзе пачутая.

А фінансава падтрымаць будаўніцтва новай святыні можна, склаўшы ахвяраванні на разліковы рахунак:  3015152900016, філіял № 514 ААТ «ААБ Беларусбанк» г. Мінск, код 614

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць