500-годдзе кнігадрукавання святкуюць у Беларусі
- Written by Katolik.life
- Published in Царква
- Add new comment
У 1517 годзе Скарына пачаў выдаваць першую беларускую кнігу - Біблію.
6 жніўня 2017 году - адзін з самых значных юбілеяў у культуры і гісторыі Беларусі: пачатак айчыннага кнігадрукавання. У гэты дзень у 1517 годзе ў Празе беларускі першадрукар Францыск Скарына, ураджэнец Полацка, пачаў выдаваць першую кнігу на мове, блізкай да тагачаснай беларускай, - Біблію. Спачатку ён выдаў Псалтыр - біблейскую кнігу Старога Запавету, зборнік псалмоў, гімнаў да Бога. Потым - амаль кожны месяц па новай кнізе Бібліі. Скарына зрабіў пераклад Святога Пісання з Вульгаты Гераніма або з чэшскага перакладу 1506 года.
Даследнікі лічаць, што беларускі першадрукар не выпадкова абраў дату 6 жніўня. У гэты дзень Каталіцкая царква адзначае Перамяненне Гасподняе. Скарына хацеў падкрэсліць сімвалічнасць падзеі: выданне першай кнігі 6 жніўня азначала духоўнае «перамяненне» яго роднага народа, які атрымаў Біблію на зразумелай мове, упэўнена сябра Біблейскага Таварыства, біблеіст, доктар сакральнага багаслоўя Ірына Дубянецкая. Сёння яна разам з іншымі беларускімі навукоўцамі і дзеячамі культуры прымае ўдзел ва ўрачыстасцях у Празе з нагоды юбілею беларускага кнігадрукавання. Даследчык нагадвае, што Біблія станавілася першай друкаванай кнігай у многіх еўрапейскіх краінах, і сваёй дзейнасцю Скарына паставіў беларусаў у адзін шэраг з самымі развітымі народамі.
Святочныя мерапрыемствы 6 жніўня праходзяць таксама ў Чырвоным касцёле ў Мінску. Урачыстую святую Імшу ў 11 гадзін тут адслужыць мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, затым пачнуцца «Скарынаўскія чытанні». Запрашаюць на свята і ў магілёўскі каталіцкі храм, дзе таксама ў 11 гадзін біскуп Аляксандр Яшэўскі правядзе святую імшу, а затым прагучыць даклад на тэму творчасці Скарыны.
Справу першадрукара працягваюць сучасныя перакладчыкі. У 2017 годзе запланаваны выхад новых перакладаў Бібліі на беларускую мову. Нагадаем, агульнапрынятага і прызнанага ўсімі канфесіямі беларускага перакладу Святога Пісання да гэтага часу не існуе. Таму, як гэта ні парадаксальна, Беларусь - адзіная краіна ў Еўропе, якая не мае арыгінальнага, поўнага перакладу Бібліі на нацыянальную мову.
Related items
-
Знік самы папулярны ў сацсетках беларускі святар. Што здарылася?
-
«Спадзяюся, што людзі, даведаўшыся пра гэта, умацуюцца ў веры». З'явілася вестка ад ксяндза Акалатовіча
-
Новы Апостальскі нунцый упершыню наведаў Гомель – і вось з якой нагоды
-
А вы бачылі, як вырабляюць ружанцы? Працэс паказаў беларускі майстар
-
«Уся каталіцкая Беларусь моліцца». Як адрозніваецца афіцыйнае і неафіцыйнае жыццё Касцёла