BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Ватыкан аб служэнні замежных святароў у Беларусі: такі стан рэчаў непрымальны

Глыбокую занепакоенасць выклікаюць цяжкасці з атрыманнем дазволу на служэнне ў Беларусі, а таксама немагчымасць для замежных святароў служыць Імшу без дазволу ўлады.

7 лютага завяршыўся візіт ad limina Apostolorum каталіцкіх біскупаў Беларусі ў Ватыкан. Напярэдадні прадстаўнікі беларускaга епіскапату наведалі Кангрэгацыю па справах біскупаў. Яе Прэфект канадскі кардынал Марк Уэле падзякаваў біскупам за іх служэнне Касцёлу і заклікаў да далейшага развіцця калегіяльнасці. З ім таксама была абмеркавана магчымая рэарганізацыя касцёльных структур у Беларусі, паведамляе Catholic.by.

Кардынал Уэле, які прымаў удзел у Пленарным пасяджэнні Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы восенню мінулага года ў Мінску, выказаў вялікую заклапочаннасць праблемай служэння ў Беларусі замежных святароў і тых святароў, якія прыбываюць у краіну як госці або турысты. Паводле беларускага заканадаўства, ім неабходна атрымліваць ад дзяржаўных органаў дазвол на тое, каб цэлебраваць Імшу, з чым кардынал прэфект на ўласным вопыце сутыкнуўся падчас свайго прабывання ў Беларусі.

Таксама адбылася сустрэча беларускага епіскапату з Дзяржаўным Сакратаром Яго Святасці папы Францішка кардыналам П’етро Паралінам. Яе ўдзельнікі засяродзіліся на касцёльна-дзяржаўных адносінах, якія існуюць у Беларусі.

Кардынал Паралін выказаў глыбокую занепакоенасць станам замежных святароў, якія маюць цяжкасці з атрыманнем дазволу на служэнне ў Беларусі, а таксама немагчымасцю для святароў, якія наведваюць краіну, служыць Эўхарыстыю без дазволу ўлады.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы нават задаў рытарычнае пытанне, ці яшчэ дзесьці ў свеце ёсць нешта падобнае. На думку кардынала, такі стан рэчаў з’яўляецца непрымальным і выклікае занепакоенасць.

Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы абмеркавалі з Дзяржсакратаром Ватыкана справу падрыхтоўкі пагаднення (канкардату) паміж Беларуссю і Апостальскім Пасадам, магчымасць структурных змен у Касцёле ў Беларусі і пытанне візіту Папы ў Беларусь.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць