BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Чаму хрысціяніну не трэба ўступаць у БРСМ, патлумачыў святар

«На гнілым фундаменце не пабудуеш добры будынак»

«Чаму  хрысціяніну нельга ўступаць у БРСМ? Чаму гэта лічаць няправільным?», - запыталася Інэса ў рубрыцы «Пытанні да ксяндза» на партале Гродзенскай дыяцэзіі Рыма-Каталіцкай царквы ў Беларусі.

Пробашч парафіі ў Бярозаўцы ксендз Андрэй Радзевіч у сваім адказе адзначыў, што афіцыйна пра Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі Каталіцкая царква не выказвалася і ніякай забароны на ўступленне маладых католікаў у шэрагі БРСМ няма. Разам з тым, прыналежнасць да гэтай арганізацыі для хрысціяніна няправільная, лічыць святар і тлумачыць, чаму:

- БРСМ, як напісана ў яе статуце, з’яўляецца спадкаемцай Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі. У сваю чаргу камсамол будаваўся на камуністычных, а значыць антырэлігійных прынцыпах. У самім статуце камсамолу згадвалася, што кожны, хто належыць да гэтай арганізацыі, мае абавязак «рашуча змагацца з любымі праявамі буржуазнай ідэалогіі, рэлігійнымі забабонамі і другімі чужымі сацыялістычнаму ладу жыцця поглядамі і норавамі».

У той жа час Каталіцкая царква яшчэ ў 1846 годзе праз энцыкліку Папы Рымскага Пія ІХ асудзіла камуністычную дактрыну, назваўшы яе агіднай. Затым Папа Леў XIII акрэсліў ідэалогію камунізму як «смяротную заразу, якая агортвае ўнутраныя органы чалавечага грамадства і вядзе яго да канчатковага крызісу».

Нарэшце, Папа Пій XI, а пасля і Папа Пій XII асудзілі камуністычны атэізм, лічачы яго найвялікшай пагрозай для Царквы.

- Камунізм мае на сваім сумленні велізарную колькасць чалавечых ахвяраў, якіх трэба лічыць у дзясятках мільёнаў, - працягвае святар. - Камуністычныя кіраўнікі імкнуліся да рэалізацыі сваіх мэтаў, не зважаючы на чалавечае жыццё. Галоўнай з ідэй камунізму была барацьба з рэлігіяй. Гэтая сістэма знішчыла шмат святыняў і замардавала шмат духоўных і свецкіх вернікаў. Ва ўсё гэта быў умяшаны таксама камсамол.

Гэта камсамольцы часта пасылаліся нішчыць святыні, а нават забіваць духавенства.

Паводле ксяндза Андрэя, падчас сустрэчы каталіцкіх і праваслаўных святароў з прадстаўнікамі БРСМ у Гродне, бацюшка запытаў, чым адрозніваюцца мэты і метады дзейнасці сучаснай дзяржаўнай моладзевай арганізацыі ад камсамолу. Прадстаўнік БРСМ адказаў, што мэты іншыя, чым у камсамоле, але метады падобныя. І тады святар нагадаў аб адным з метадаў: камсамольцы забілі бацюшку рыдлёўкамі ў адным з прыходаў.

- Усё гэта паказвае, што камсамол быў антыхрысціянскай, бязбожнай і атэістычнай арганізацыяй. І калі БРСМ - яго спадкаемца, то веруючы чалавек не павінен уступаць у арганізацыю, якая мае такую гісторыю і такі фундамент, - гаворыць святар.

- З жалем назіраю, калі ў кастрычніку гэтага года ў некаторых месцах былі плакаты з камсамольскім значком з Леніным і надпісам “Это наша с тобой история”. Так, гэта гісторыя, але ж гісторыя, у якой няма чым ганарыцца. Адно безумоўна - што на гнілым фундаменце не пабудуеш добры будынак. На фундаменце камсамолу не пабудуеш сёння добрую моладзевую арганізацыю.

Калі мы сапраўды клапоцімся пра моладзь, то патрэбна парваць з бязбожным камсамолам, асудзіць крывавы камуністычны тэрор і пачаць будаваць штосьці новае, арганізацыю, якая будзе выхоўваць моладзь любіць сваю Айчыну, любіць сваю зямлю, яе мову, культуру і традыцыі.

Кс. Андрэй лічыць, што дзіцячыя і моладзевыя арганізацыі павінны быць, паколькі ў добрай арганізацыі, якая пабудавана на станоўчых прынцыпах, малады чалавек мае шанец большага развіцця, самарэалізацыі, выхавання ў сабе многіх добрых рысаў. Аднак паўстае пытанне, ці кожная арганізацыя добрая і ці кожная служыць духоўнаму і маральнаму ўзрастанню чалавека.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць