BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Абудзіцца ад сну». У католікаў пачаўся Адвэнт

Гэты час радаснага чакання прыходу Езуса Хрыста

Новы літургічны год і перыяд Адвэнту ў Каталіцкай царкве пачаўся сёлета 28 лістапада. Для католікаў гэта не пост у традыцыйным разуменні, а час радаснага чакання прыйсця (adventus) Езуса Хрыста. У гэты перыяд Царква не загадвае абмяжоўваць сябе ў ежы, але рэкамендуе самім выбраць для сябе "пастановы" і прытрымлівацца іх (напрыклад, менш часу на сацсеткі і больш - на малітву), каб глыбей адчуць радасць будучага Раства Хрыстова, якое адзначым 25 снежня. Акрамя таго, падчас Адвэнту чытанні з Евангелля нагадваюць аб несумненным вяртанні, новым прыходзе Госпада.

- Адвэнт даецца, каб абудзіць нашы сэрцы і ўбачыць як Езус ужо дзейнічае ў нашым жыцці, - гавораць святары і нагадваюць, што галоўны сэнс Адвэнту - у імкненні да выканання Хрыстовых запаведзяў любові, малітоўнай падрыхтоўцы сваёй душы да сустрэчы з Хрыстом.

Каталіцкая Царква дае перыяд Адвэнту, каб выйсці з пагібельнай мітусні, дробных справаў, на якія сыходзіць жыццё, узгадаць пра Бога, звярнуцца да Яго, абудзіць у сабе тугу па Госпадзе, задумацца пра будучыню, пра наступствы граху, пра вечнасць. Словам, каб абудзіць чалавека, вывесці з духоўнага сну, забыцця.

І для гэтага Царква дае неабходныя сродкі. Акрамя святой Імшы, чытання Бібліі, гэта духоўныя практыкаванні, Адарацыя, Рараты - адмысловыя службы на досвітку, прысвечаныя Найсвяцейшай Панне Марыі як знак падзякі за яе згоду прыняць Божую Волю. Рараты пачынаюцца ў змроку, кожны вернік трымае запаленую свечку, а падчас гімна «Хвала на вышынях Богу» ў храме ўключаюць святло. Яшчэ адна асаблівасць Раратніх імшаў - свечка, якая стаіць ля алтара і сімвалізуе Найсвяцейшую Панну, якая як ранішняя зара абвясціла тым узыход Сонца Праўды - Езуса Хрыста.

А сваю назву імшы атрымалі ад першага радка песні на латыні, якая спяваецца на ўваход святара: «Rorate coeli desuper» - «Крапеце, нябёсы, згары».

У першы дзень Адвэнту вернікі ў храмах чуюць чытанне паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў, які заклікае: «Прыйшла ўжо пара, каб вы абудзіліся ад сну. Бо цяпер збаўленне бліжэй да нас, чым тады, калі мы паверылі. Ноч мінула і наблізіўся дзень: дык адкінем учынкі цемры і апранемся ў зброю святла».

Last modified onНядзеля, 28 Лістапад 2021 17:52
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць