BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Як у Сант'яга-дэ-Кампастэла: святары ладзяць прыватныя пешыя і мота-пілігрымкі ў Будслаў

Ксяндзы-матацыклісты адправяцца ў паездку па ўсіх Марыйных санктуарыях Беларусі

Сёлетнія парафіяльныя ўрачыстасці ў Будславе не застануцца без пілігрымаў. Нагадаем, традыцыйныя масавыя пілігрымкі ў нацыянальны санктуарый адмененыя з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі, але прыватныя пілігрымкі ніхто не забараняў. Таму 23 чэрвеня з Баранавічаў адправіліся ў шлях пешкі да маці Божай Будслаўскай тры святары і адзін брат законны. А 27 чэрвеня з Лагішына стартуе мота-пілігрымка ў складзе трох святароў. Больш таго, ксяндзы-матацыклісты вырашылі наведаць усе Марыйныя санктуарыі Беларусі і завяршыць сваю пілігрымку ў Будславе.

Святары на матацыклах разлічваюць за пяць-шэсць дзён пераадолець каля 2 тыс. кіламетраў, распавёў Беларускай службе Vatican News пружанскі пробашч кс. Павел Ярашэвіч.

«Каб гэта была сапраўдная пілігрымка, а не адзін дзень дарогі, мы вырашылі праехаць вакол амаль усёй краіны. Пачынаецца дарога з Лагішына, затым - Брэст, Тракелі, Гудагай, Браслаў, Бялынічы, Баранавічы, Будслаў. Як і ў кожнай пілігрымцы, збіраем інтэнцыі ў тых парафіях, у якія будзем заязджаць, штодня будзе святая Імша ў інтэнцыях духоўных пілігрымаў», - адзначыў кс. Павел.

Разам з ім у дарогу адправяцца ранейшыя ўдзельнікі пешых пілігрымак і вопытныя матацыклісты: столінскі пробашч кс. Юры Медушэўскі і вікарый з Бярозы кс. Юзаф Парфяновіч.

У Даўгінаве, традыцыйным месцы сустрэчы пілігрымак па дарозе да Будслава, матацыклісты плануюць спаткацца з прыватнай пешай пілігрымкай. Затым, 1 ліпеня, прыбыць у санктуарый і назаўтра ўдзельнічаць у адпустовых урачыстасцях.

Прыватная пілігрымка рухаецца па звычайным 9-дзённым маршруце, дадаў адзін з удзельнікаў кс. Павел Рудзьман, душпастыр моладзі Пінскай дыяцэзіі.

«Мы вырашылі пайсці ў пілігрымку ў інтэнцыі тых людзей, якія не могуць адправіцца ў шлях, а таксама каб трошкі змяніць фармат. Мы прызвычаіліся, што пілігрымка - гэта група людзей, якія ідуць з калонкамі, мы называем гэта маніфестацыяй нашай веры. Але ёсць Сант'яга-дэ-Кампастэла ў Іспаніі. Чаму ім не можа быць Будслаў у нас, у Беларусі?».

Пешыя паломнікі прымаюць інтэнцыі на старонках баранавіцкай пілігрымкі ў сацсетках.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць