Logo
Print this page

Не час для гулянняў: у Стоўбцах адмянілі фестываль «Казюкі»

Тых, хто збіраўся стаць удзельнікам свята, арганізатары папрасілі аб малітве за мір і супакой

Арганізацыйны камітэт фэсту «Стаўпецкія Казюкі», які павінен быў адбыцца 6 сакавіка ў Стоўбцах, паведаміў пра яго адмену.

«Прашу ўсіх аб малітве за мір і супакой, так патрэбнай у гэты няпросты час. Вельмі спадзяюся, што ў наступным годзе фэст у гонар святога Казіміра адбудзецца ў тым фармаце, у якім ён быў запланаваны сёлета: з урачыстай працэсіяй і літургіяй, вялікай канцэртнай праграмай, цікавымі майстар-класамі і прадстаўленнем шматвяковых традыцый так шанаванага і любімага на прасторы былога ВКЛ свята Нябеснага Апякуна ўсяго нашага краю», - паведаміла ад імя аргкамітэту Агата Багуслаўская.

Каталіцкія вернікі Беларусі ў каментарах выказалі шкадаванні, але ўхвалілі гэта рашэнне, палічыўшы яго адзіным правільным: падчас вайны Расіі супраць Украіны, калі адбываюцца масавыя забойствы людзей і знішчэнні гарадоў, ладзіць фэсты немагчыма - упэўнены вернікі.

Фэст «Стаўпецкія Казюкі» ў гарадскім маштабе павінен быў адбыцца ўпершыню. Да свята ўжо былі падрыхтаваныя выступленні музыкаў, майстар-класы, строі. Гэта традыцыйнае ў Польшчы, Літве і Беларусі каталіцкае свята ў гонар святога Казіміра - апекуна народаў былога Вялікага Княства Літоўскага.

Last modified onНядзеля, 06 Сакавік 2022 17:45
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.