BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Сотні католікаў прайшлі па цэнтры Мінска ў працэсіі Божага Цела

Набажэнства на гарадскіх вуліцах адбылося пасля двухгадовага перапынку

Упершыню пасля двухгадовага перапынку на цэнтральных вуліцах Мінска 29 траўня адбылася каталіцкая працэсія Божага Цела. Па праспекце Незалежнасці сотні вернікаў прайшлі ад касцёла Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) да Чырвонага касцёла (святога Сымона і святой Алены). Эўхарыстычная працэсія рухалася па ходніках з традыцыйнымі чатырма прыпынкамі.

- Дзіўна было ісці з людзьмі вялікай грамадой па праспекце, - падзялілася верніца Алена Міхаленка. - А потым маліцца, бо просім мы Бога пра адно...

- Можа, з-за такога халоднага надвор'я на працэсіі Божага Цела ў Мінску не верылася, што гэта ўвогуле адбываецца - шэсце, словы, песні... Незвычайна добра было пабыць разам, - апісала ўражанні верніца Тэрэса Клімовіч. - На пялёсткі спачатку ступалі ногі святара, які нёс Найсвяцейшы Сакрамэнт, потым нашыя. Пялёсткі на дарозе нагадалі мне малазаўважныя жэсты і ўсмешкі, ахвярныя ўчынкі ды безліч праяваў дабра, якія штодня ў гэтым горадзе "кладуцца" пад ногі, па сутнасці, на іх ён стаіць, і грамадства жыве.

Урачыстасць Цела і Крыві Хрыстовых, на якую звычайна праводзяць працэсіі, у 2022 годзе выпадае на 16 чэрвеня. Аднак у Мінску Эўхарыстычныя працэсіі прынята праводзіць у апошнія выходныя траўня - да пачатку вакацый і сезона масавых адпачынкаў, каб большая колькасць вернікаў змаглі прыняць удзел у набажэнстве.

У 2020-м і 2021-м гадах працэсіі на цэнтральных вуліцах не праводзілі. Афіцыйная прычына - кавідныя абмежаванні. Сёлета Касцёл атрымаў ад гарадскіх уладаў дазвол на публічнае набажэнства. Падобныя працэсіі католікі традыцыйна ладзяць у абласных і раённых цэнтрах, у сельскіх населеных пунктах, дзе ёсць каталіцкія парафіі. Вернікі выходзяць на вуліцы, каб засведчыць аб сваёй веры, аб Божай любові і прасіць дабраславення для ўсяго народа. У Гродне, дзе таксама звычайна праходзілі шматлюдныя працэсіі Божага Цела, аб планах у 2022 годзе пакуль не паведамляецца.

Фота, відэа: Алена Міхаленка, Надзея Бука

Media

Last modified onПанядзелак, 30 Май 2022 21:24

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць