BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Несправядлівасць і адмаўленне праўды спараджаюць канфлікты» – арцыбіскуп Кандрусевіч

Заслужаны іерарх патлумачыў, чаму неабходна справядліва ставіцца да ўсіх людзей, і што з'яўляецца сучасным генацыдам народа.

Са словам на Вялікі пост, які пачаўся ў католікаў 22 лютага, звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Старшыня камісіі агульнага душпастырства пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Акрамя запрашэння да асабістага навяртання іерарх звярнуўся з заклікам памятаць пра сацыяльнае вымярэнне граху.

«Яно праяўляецца ў негатыўных адносінах да канкрэтнай групы людзей паводле рэлігіі, палітычнай ці грамадскай прыналежнасці, іх поглядаў і перакананняў», – тлумачыць арцыбіскуп эмерыт у сваім звароце, поўны тэкст якога размешчаны на Catholic.by.

Як адзначае заслужаны іерарх, «грамадскае вымярэнне граху таксама праяўляецца ў маральнай разбэшчанасці, усё большым духоўным заняпадзе і незахаванні прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці».

Паводле арцыбіскупа Кандрусевіча, «зыходзячы з прынцыпаў хрысціянскага вучэння, мы павінны быць талерантнымі да людзей, таму што яны могуць памыляцца, але не можам згаджацца з незахаваннем маральнага закону, бо ён паходзіць ад Бога»:

«Амаральнасць становіцца прычынай адкідання Бога, месца якога хоча заняць чалавек, што пераварочвае ўстаноўлены Творцам парадак з ног на галаву, у выніку чаго свет перажывае шмат сур’ёзных крызісаў».

Кожны чалавек мае сваю годнасць, дадае заслужаны іерарх, «таму неабходна справядліва ставіцца да ўсіх людзей – калі будзем прытрымлівацца гэтага асноўнага прынцыпу, то зможам паспяхова прайсці праз супярэчлівыя пункты гледжання на выклікі часу з мэтай дасягнення сапраўднага чалавечага росквіту».

«Крызіс сям’і разбурае падмурак грамадства. Забойства ненароджаных дзяцей ва ўлонні маці становіцца генацыдам народа і вядзе да дэмаграфічнага крызісу. Непрыняцце мігрантаў прыніжае іх чалавечую годнасць. Глабалізацыя без захавання маральных нормаў з’яўляецца прычынай яшчэ большага падзелу паміж багатымі і беднымі. Несправядлівасць і адмаўленне ад праўды спараджаюць сацыяльныя, палітычныя і грамадскія канфлікты», – падкрэслівае арцыбіскуп эмерыт.

Ён заклікае супрацьстаяць гэтым і іншым асабістым і сацыяльным паталогіям.

Last modified onЧацвер, 23 Люты 2023 12:48
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць