«І вы будзьце гатовыя». З вядомым святаром развіталіся ў Ракаве
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Мітрапаліт патлумачыў, аб чым праз раптоўную смерць гаворыць Бог. У малітве ўдзельнічаў праваслаўны святар Сергій Лепін.
Каталіцкая супольнасць Беларусі 2 сакавіка развіталася з пробашчам парафіі ў Ракаве ксяндзом канонікам Дзмітрыем Барылам, дэканам Валожынскага дэканата, былым кіраўніком Касцёльнага суда ў Мінску. Святар адыйшоў у вечнасць 28 лютага на 49-м годзе жыцця і 24-м годзе святарскага служэння. Напярэдадні ён трапіў у рэанімацыю ў цяжкім стане з прычыны панкрэатыту, паведамлялі ў сацсетках. Уратаваць ксяндза Дзмітрыя медыкі не змаглі.
Падчас развітання 1-2 сакавіка адбылося пяць святых Імшаў, якія цэлебравалі, у тым ліку, біскупы Юрый Касабуцкі, Аляксандр Яшэўскі і Алег Буткевіч, а цэлебрацыю пахавальнай святой Імшы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Гамілію ён пачаў з пытання, «якое пасланне, якую катэхетычную навуку нясе з сабой гэта апошняя пахавальная катэхеза маладога святара?»
І адказаў, спаслаўшыся на ўрывак з Евангелля, у якім Езус заклікае быць заўсёды гатовымі да сустрэчы з Богам:
«І вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы. Чуем сярод болю і пытанняў, якія хвалююць нашыя сэрцы, зварот Езуса, скіраваны да ўсіх нас. І вы будзьце гатовыя. Маладосць не абароніць перад смерцю. А паміраючы важна і сталаму, і маладому, мець веру. Аб гэтым часта ўзгадваў Хрыстус: не бойся – толькі вер. Давер Божай волі, спавіты надзеяй, пераадольнае боязь, лагодзіць роспач. Няма смерці зарана. Ніхто не памірае зарана і не жыве задоўга – Бог вырашае аб нашым прабыванні на зямлі. Бог нас надзяляе здольнасцямі для рэалізацыі нашага жыццёвага паклікання або задання, якое нам давярае. Кожны з нас патрэбны Богу».
Падзякаваўшы ксяндзу Дмітрыю за плённае служэнне, іерарх звярнуўся да душы спачылага:
«У Божым Валадарстве прасі за нас Бога, каб мы добра жылі і Бога любілі, жыцця зямнога не змарнавалі і на жыццё вечнае заслужылі».
Наш канал в Telegram – только важное. Подписаться >
У малітве ўдзельнічаў настаяцель праваслаўнага прыходу ў Ракаве протаіерэй Сергій Лепін. У сваім развітальным слове па-беларуску ён адзначыў, што ксёндз Дзмітрый быў вельмі добрым святаром і сябрам, выказаў суперажыванне ад праваслаўных вернікаў і пажадаў: «Няхай любоў будзе паміж намі».
Праз відэа-трансляцыю з Ракава да малітвы далучаліся адначасова звыш 500 гледачоў.
Media
Related items
-
З мэрам і канцэртам: як у Брэсце сустракалі пасла Ватыкана
-
Пяцідзесятніца: што трэба ведаць аб дарах і пладах Духа Святога
-
Першы вынік судоў над святарамі на Віцебшчыне: 15 сутак арышту
-
Дата сумная і радасная: 8 месяцаў, як Чырвоны касцёл зачынены, і 49 год святарскага пасвячэння пробашча
-
«За імі прыехалі адначасова». Адразу траіх святароў затрымалі ў Віцебскай вобласці