BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Нам не назвалі прычыну». Год таму закрылі Чырвоны касцёл у Мінску

Увесь гэты час пробашч штодня абыходзіць святыню, молячыся чатырма часткамі Ружанца. У парафіі распавялі пра тое, што вядома вернікам пра сітуацыю і што іх засмучае.

Парафія Святога Сымона і Святой Алены, а разам з ёй уся каталіцкая супольнасць Беларусі адзначае сумную дату – мінуў год, як зачынілі для вернікаў Чырвоны касцёл у Мінску. 25 верасня 2022 года тут апошні раз цэлебравалі святую Імшу. У наступную ноч у святыні адбыўся пажар пры дзіўных абставінах, пасля якога ўлады абвясцілі пра тое, што далейшая эксплуатацыя будынка небяспечная, ён быццам бы мае патрэбу ў рамонце, і 26 верасня дзверы касцёла апячаталі.

З таго часу практычна нічога не змянілася – ніякія значныя рамонтныя работы ў будынку не праводзіліся, і яго дзверы па-ранейшаму апячатаныя. Была спроба выселіць парафію з адзінага памяшкання, якое ўдалося адстаяць – плябаніі, асобнага дома святароў пры касцёле, але пакуль яно застаецца адкрытым. Нягледзячы на тое, што ў будынку адключылі электрычнасць, цяпло і нават ваду, там пастаянна адбываюцца малітоўныя сустрэчы вернікаў.

На працягу ўсяго гэтага года штодня пробашч парафіі ксендз канонік Уладзіслаў Завальнюк абыходзіць зачынены касцёл з малітвай – чытае ўсе чатыры часткі Ружанца. Часта да яго падыходзяць людзі, цікавяцца, просяць дабраславення, а шматлікія расійскія турысты здзіўляюцца, чаму святыня зачынена.

Напярэдадні сумнай гадавіны парафіяне накіравалі ў Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі чарговы зварот, у якім пералічваецца тое добрае, што рабіла парафія і яе пробашч, распавядаецца пра вялікі ўнёсак у духоўнае і культурнае жыццё Мінска. Таксама парафіяне паспрабавалі трапіць у Адміністрацыю на прыём, але там адказалі, што сустрэча «немэтазгодная».

Засмучаны ў парафіі і тым, што рэдка побач з закрытым касцёлам бывае Мітрапаліт ды іншыя святары – магчыма, калі б не толькі адзін пробашч чытаў Ружанец ля святыні, але хаця б час ад часу да яго далучалася іншае духавенства, вынік быў бы іншы, мяркуюць вернікі.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Галоўнае пытанне – чаму, дзеля чаго Чырвоны касцёл зачынілі і якія ставяць умовы для аднаўлення парафіяльнага жыцця ў святыні – вісіць у паветры. Адсутнасць рамонтных работ, не прадстаўленыя вынікі расследвання пажару пацвярджаюць упэўненасць у тым, што першапачаткова быў план закрыцця касцёла. Але хто і што патрабуе для яго вяртання?

«Нам не называюць ні іншыя прычыны, акрамя фармальных, ні ўмовы. Магчыма, вышэйшаму духавенству негалосна даводзілі нейкія патрабаванні, але ні парафіянам, ні святарам пра гэта нічога дакладна невядома. У пробашча забіралі кампутар – нічога не знайшлі. З амбоны не рабілі ніякіх палітычных заяваў. Ёсць уражанне, што загадзя інцыдэнт быў падрыхтаваны і ўсё было дамоўлена. І толькі з-за таго, што група парафіянаў і святароў не паддалася, удалося захаваць плябанію. Вернікі трымаюцца і моляцца», – пракаментавалі ў парафіі і папрасілі ўсіх неабыякавых таксама працягваць малітву.

Last modified onНядзеля, 01 Кастрычнік 2023 14:53
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць