Абяцаныя працы не пачаліся. Паўтара гады, як зачынены Чырвоны касцёл у Мінску
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
У гарвыканкаме заяўлялі, што будаўнічыя працы ў храме павінны пачацца ў першым квартале. Ён ужо на зыходзе, а сітуацыя ніяк не змянілася, распавялі парафіяне.
Прайшло 18 месяцаў з таго часу, як дзверы каталіцкага храма Святога Сымона і Святой Алены (Чырвонага касцёла) у Мінску апячатаныя. 25 верасня 2022 года тут апошні раз цэлебравалі святую Імшу. У наступную ноч у храме адбыўся пажар пры дзіўных абставінах, пасля якога ўлады абвясцілі аб тым, што далейшая эксплуатацыя будынка небяспечная і ён мае патрэбу ў рамонце.
26 верасня касцёл, які наведвалі каля 10 тысяч парафіянаў, закрылі для вернікаў.
З таго часу практычна ніякія працы ў храме не праводзілі, але абяцалі, што яны пачнуцца ў першым квартале 2024 года. Цяпер ідзе апошні тыдзень першага квартала, аднак абяцаныя працы так і не пачаліся, удакладнілі Katolik.life у парафіі. Паводле вернікаў, сітуацыя ніяк не змянілася ў апошні час:
«Ніякіх прыкметаў пачатку прац пакуль не назіраем, і на гэты конт нам нічога не паведамлялі. Падчас Вялікага посту парафіяне маліліся аб тым, каб гарадскія ўлады ЗАХАЦЕЛІ адкрыць для вернікаў касцёл на Вялікдзень».
Нагадаем, у кастрычніку 2023 года намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Арцём Цуран, нядаўна абраны старшынёй Мінскага гарсавета, заявіў:
«Рэканструкцыя храма вядзецца па плане, працы не спыняліся ні на адзін дзень, гэта можа пацвердзіць дырэктар КУП «Мінская спадчына» [дзяржпрадпрыемства, якому афіцыйна належыць будынак храма]. Падрыхтавана праектная дакументацыя, і ў першым квартале 2024 года павінны пачацца работы ў будынку. Пасля іх завяршэння будзе прынята рашэнне аб аднаўленні дзейнасці касцёла».
Такую ж інфармацыю паўтарыла ў лістападзе адміністрацыя Маскоўскага раёна Мінска:
«Праект рэканструкцыі будынка касцёла запушчаны ў работу. Па аб'екце рэканструкцыі распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, якая праходзіць усе неабходныя ўзгадненні. Пачатак будаўнічых прац плануецца ў 1 квартале 2024 года».
Пасля гэтага ніякай новай інфармацыі афіцыйныя органы не публікавалі.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
- Па справе ксяндза Акалатовіча завершана следства: «Нунцый даў надзею»
- Папа Рымскі: Дыктатуры не прыносяць карысці і заканчваюцца кепска
- Праваслаўныя ў касцёле, католікі ў мячэці. Топ-5 навін рэгіёнаў
- Сотні людзей прыйшлі развітацца з сям'ёй грэка-католікаў у Львове: трыма сёстрамі і іх мамай
- «Надыходзіць момант». Будслаў зноў патрабуе дапамогі – і вось чаму