BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Папа папрасіў прабачэння за тое, што прывяло да падзелу хрысціянаў

Папа Францішак папрасіў прабачэння за крокі Каталіцкага Касцёла, якія ўмацавалі падзел паміж хрысціянамі, і за раны, нанесеныя іншым хрысціянскім супольнасцям.

Падчас агульнай аўдыенцыі 28 мая 2014 г. Пантыфік падзяліўся ўражаннямі ад апостальскага падарожжа на радзіму Хрыста, якое здзейсніў 24-26 мая 2014 г. У першую чаргу, ён нагадаў, што галоўная мэта гэтай пілігрымкі была звязана з адзначэннем 50-годдзя гістарычнай сустрэчы паміж папам Паўлам VI і Патрыярхам Афінагорам. Гаворка ідзе пра першы візіт Рымскага Пантыфіка ў Святую Зямлю, які даў пачатак усім іншым папскім візітам за межы Італіі. “Гэты прароцкі жэст Біскупа Рыма стаў важным этапам у пакутным, але шматабяцальным шляху да адзінства паміж усімі хрысціянамі, на якім, з таго часу былі зроблены значныя крокі. Таму, мая сустрэча з Яго Святасцю Барталамеем І, умілаваным братам у Хрысце, стала кульмінацыяй гэтага візіту. Мы супольна маліліся пры магіле Езуса, а разам з намі былі праваслаўны Патрыярх Іерусаліма Тэафіл ІІІ і Патрыярх Армянскай Апостальскай Царквы Нурхан, а таксама архіепіскапы і епіскапы іншых Цэркваў і супольнасцяў, прадстаўнікі грамадзянскіх уладаў і многія вернікі”, - нагадаў Папа.

Францішак адзначыў, што ўдзельнікі малітвы ў базыліцы Гробу Пана адчулі заклік Хрыста да адзінства і вырашылі з рашучасцю крочыць у накірунку гэтай мэты. “У гэтым месцы, дзе загучала навіна аб уваскрасенні, мы адчулі ўсю горыч і боль падзелаў, якія працягваюць існаваць паміж вучнямі Хрыста (...); але, перш за ўсё, падчас гэтага набажэнства, напоўненага ўзаемным братэрствам, павагай і любоўю, мы адчулі моцны голас Уваскроскала Добрага Пастыра, які хоча сабраць усіх сваіх авечак у адзіны статак. Мы адчулі жаданне залячыць яшчэ адкрытыя раны і з настойлівасцю працягваць шлях да поўнага адзінства. Яшчэ раз, як рабілі мае папярэднікі, прашу прабачэння за тое, што мы зрабілі, каб адбыўся гэты падзел, і прашу Святога Духа дапамагчы залячыць раны, якія мы нанеслі братам”, - сказаў Пантыфік.

Іншая мэта падарожжа папы Францішка на радзіму Езуса заключалася ў падтрымцы мірных ініцыятыў на Блізкім Усходзе. Ён нагадаў, што як пілігрым наведаў Іарданію, Палестыну і Ізраіль, несучы ў сэрцы вялікае спачуванне да сыноў гэтай зямлі, якія ўжо на працягу доўгага часу жывуць ва ўмовах вайны і “маюць права нарэшце ўбачыць дні міра”.

“Таму я заклікаў хрысціянскіх вернікаў, з адкрытым і паслухмяны сэрцам дазволіць Святому Духу “намасціць” сябе, каб станавіцца ўсё больш і больш здольнымі да жэстаў пакоры, братэрства і прымірэння. Святы Дух дазваляе рабіць гэтыя жэсты ў штодзённым жыцці адносна асоб розных культур і рэлігій, і, такім чынам, станавіцца стваральнікамі міру. Мір будуецца ўласнаручна – не існуе індустрыі міру. Ён будуецца штодзённа, уласнаручна, з сэрцам адкрытым на прыход Святога Духа”, - падкрэсліў Папа.

Францішак прызнаўся, што быў асабліва ўражаны дзейнасцю іарданскіх уладаў на карысць міру ў рэгіёне і дапамогі бежанцам. Ён нагадаў, што запрасіў у Ватыкан на супольную малітву за мір прэзідэнтаў Палестыны і Ізраіля. Асаблівым чынам Папа падкрэсліў дзейнасць хрысціянскіх супольнасцяў у Святой Зямлі, якія, працуючы ў адукацыйнай і медыцынскай сферах, спрыяюць паяднанню і прабачэнню, робячы ўнёсак у супольнае дабро грамадстваў рэгіёну.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Францішак нагадаў, што падыходзіць да завяршэння май – месяц, традыцыйна прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі. Ён заклікаў моладзь пастаянна шукаць падтрымкі ў Маці Божай, хворых – углядаючыся ў Яе прыклад, несці свой штодзённы крыж, а маладых сужонкаў – імкнуцца, каб іх сем’і станавіліся хатнімі агменямі малітвы і ўзаемнага разумення.

Ватыканскае радыё

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць