Logo
Print this page

«Чалавек з добрай душой». У Тракелях паказалі, як сустракалі новага кусташа

А ў Войстаме віталі былога кусташа санктуарыя як свайго новага пробашча.

Прывітанне новага пробашча і кусташа дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Каралевы нашых сем'яў у Тракелях адбылося 16 сакавіка. У парафіяльным Instagram паказалі, як сустракалі ксяндза Вадзіма Сурвілу, які замяніў на гэтым месцы ксяндза Юрыя Бяганскага. Раней мы распавядалі пра гэту гучную замену і пра тое, з чым яна можа быць звязана.

Увядзенне на пасаду новага душпастыра здзейсніў дэкан Радунскага дэканату ксендз Генрык Яблонскі. На парозе святыні ксяндза Вадзіма прывіталі вернікі хлебам і соллю, а затым запрасілі ў касцёл, дзе адбылася святая Імша [відэа глядзіце ніжэй]

Святар склаў урачыстую прысягу вернага здзяйснення абавязкаў пробашча і кусташа санктуарыя і прамовіў малітву Credo. На заканчэнне новага пробашча прывіталі вернікі парафіі – уручылі кветкі і выступілі з прамовай.

Новы кусташ санктуарыя падкрэсліў, што ў супольнасці з вернікамі будзе прыкладваць шмат намаганняў, каб святыня сваёй прыгажосцю прыцягвала не толькі парафіян, але турыстаў і пілігрымаў. Святар заахвоціў сваіх новых парафіян супольна ісці шляхам да збаўлення, паказаным Езусам Хрыстом.

У той жа час у Войстаме віталі ксяндза Юрыя Бяганскага як свайго новага пробашча. Яго таксама сустракалі хлебам і соллю.

У каментарах да сторыс Тракельскага санктуарыя парафіянін з Войстама скіраваў цёплыя словы ў адрас свайго ўжо былога пробашча:

«Беражыце яго, падтрымлівайце, бо вельмі добры ксёндз, пробашч дый проста добры чалавек з добрай душой».

А на развітанне з ксяндзом Вадзімам вернікі з Войстама дзякавалі яму за «давер, спагадлівасць, парады, дапамогу, справядлівасць».

Media

Last modified onПанядзелак, 17 Сакавік 2025 15:51
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.