«Хваліцца не новымі ракетамі і танкамі, а тым...» Беларускі біскуп распавёў пра сваю мару
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Парафіяльныя «Дажынкі» сабралі ў касцёле дзяцей у вышыванках, земляробаў, прадстаўнікоў улады.
Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска 2 верасня на сваёй старонцы распавёў аб удзеле ў парафіяльных «Дажынках» ў вёсцы Ваверка Лідскага раёна. Тут 31 жніўня ў касцёле сабраліся працаўнікі сельскай гаспадаркі, у тым ліку кіраўнікі прадпрыемстваў, фермеры, старшыня сельсавета, працаўнікі культуры.
Падчас святой Імшы біскуп выказаў пашану тым, хто працуе на зямлі, і, парафразуючы вядомую прамову Марціна Лютэра Кінга «I have a dream», сказаў:
«У мяне ёсць мара. Закрыўшы вочы, я бачу, як дзеці з Ваверкі і Паперні, з Мыто і Місевічаў, з тысяч беларускіх вёсак не хочуць пераязджаць у гарады. Я бачу, як наступае час, калі дзяржавы будуць хваліцца не новымі ракетамі і танкамі, а тым, якія ільготы і якія спрыяльныя ўмовы яны ствараюць, каб маладое пакаленне выбірала працу на зямлі сваіх продкаў».
Паводле іерарха, ён марыць таксама пра тое, каб «на нашай цудоўнай, урадлівай, Богам благаслаўлёнай беларускай зямлі ніхто не саромеўся казаць, што ён з вёскі, што жыве і працуе на зямлі».
Біскуп заклікаў:
«Беражыце свае традыцыі, любіце сваю Бацькаўшчыну, дзякуйце Богу за Яго любоў да нас!»
Падчас урачыстасці да алтара падносілі караваі дзеці, моладзь і дарослыя ў нацыянальных вышыванках.
Напрыканцы Святой Імшы, пасля Камуніі, караваі парэзалі на кавалкі і раздалі прысутным.
«Хлеб – гэта тое, што не дзеліць, а яднае. Хлеб – гэта мір», – дадаў іерарх.
Таксама ён распавёў гісторыю каталіцкага святара, які страшна галадаў у савецкім лагеры, так, што на ўсё жыццё атрымаў псіхічную траўму і не мог бачыць, як хлеб застаецца няз’едзеным:
«Толькі той, хто галадаў, і той, хто вырасціў збожжа на полі, хто яго сеяў, жаў, зберагаў, ведае сапраўдную цану кавалка хлеба».
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
-
Тры гады як закрыты Чырвоны касцёл у Мінску: вернікі пачынаюць зваротны адлік
-
«Сустрэліся два энерджайзеры». Незвычайную пару абвянчаў біскуп
-
Рэдкі выпадак: дэлегацыя дзяржслужачых разам з біскупамі і праваслаўным святаром наведалі касцёл
-
Каталіцкіх святароў няма сярод вызваленых беларускіх вязняў
-
Папулярны праваслаўны манах з Гомеля раскрытыкаваў Ватыкан і моцна памыліўся