«Ён прасіў нікому не пісаць». Пасля змены пробашча ў Смаргоні вернікі выступілі з заявай
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Адны парафіяне выказалі надзею на «тлумачэнні ад дыяцэзіяльных уладаў», іншыя іх не падтрымалі.
У буйной каталіцкай парафіі – святога Арханёла Міхала ў Смаргоні – амаль месяц не сціхаюць хваляванні з-за змены пробашча. У сярэдзіне лістапада ў парафіі абвясцілі, што ксёндз Артур Ляшнеўскі, які шмат гадоў служыў у Смаргоні, пераводзіцца на служэнне ў вёску Жупраны.
Адразу ж з'явіліся каментары ад вернікаў са шкадаваннем. У адрас святара пісалі шмат цёплых слоў, некаторыя здзіўляліся: навошта маладога харызматычнага ксяндза, які прадуктыўна працуе з маладымі людзьмі ў парафіі і араторыі (моладзевым цэнтры), пераводзіць з горада ў вёску, дзе дзяцей і моладзі амаль няма?

30 лістапада святару ўрачыста падзякавалі і праводзілі яго на новае месца, затым – сустрэлі новага пробашча. Здавалася б, усё сцішылася, але 8 снежня ў сацсеткі раптам выклалі заяву вернікаў з заклікам да «дыяцэзіяльных уладаў».
Ліст з'явіўся на гарадскім пабліку. Ад імя парафіянаў нехта напісаў пра тое, што вернікі «з цяжкім сэрцам і пачуццём глыбокага здзіўлення даведаліся пра рашэнне касцёльных уладаў перавесці нашага шаноўнага і любімага ксяндза з нашай парафіі»:
«Для многіх з нас ён быў не проста святаром, а сапраўдным духоўным пастырам, сябрам і тым чалавекам, чыя шчырая вера, дабрыня і невычэрпная энергія ажывілі нашу парафію».
У тэксце падкрэсліваецца, што «раптоўны перавод, пра прычыны якога нам нічога не вядома, у невялікую парафію ў вёсцы выклікае ў нас глыбокае замяшанне і смутак»:
«Нам цяжка зразумець логіку, згодна з якой такі актыўны, дасведчаны і любімы пастыр адпраўляецца, па сутнасці, у забыццё, удалячынь ад вялікай і дзейнай супольнасці, якой ён так шмат аддаў».
У парафіі лічаць, што «таленты, энергія і любоў айца Артура павінны служыць як мага большай колькасці людзей, а не быць утоенымі ўдалечыні ад актыўнага парафіяльнага жыцця».
У сваёй заяве вернікі выказалі надзею на «тлумачэнні ад дыяцэзіяльных уладаў» і на тое, каб у будучыні «рашэнні аб лёсах нашых пастыраў прымаліся з большай празрыстасцю і улікам меркавання паствы».
У каментарах іншыя парафіяне не пагадзіліся з гэтай заявай. Адна з верніц напісала:
«Чаму Жупраны гэта забыццё? Ксёндз Артур дапамог развіць розныя групы ў нашым касцёле, вось наша задача цяпер працягваць усё, Езус застаўся з намі ў нашым касцёле, а ў ксяндза Артура свая дарога служэння Богу. Молімся за яго і дзякуем Богу, што мы мелі сустрэчу з ім».
Іншыя наогул абурыліся лістом:
«Навошта, калі ксёндз Артур прасіў з разуменнем паставіцца да гэтага і з прыняццем, прасіў нічога нікуды не пісаць. Вас папрасілі, а вы...»
Media
Related items
-
Гістарычную капліцу аднаўляюць у Стоўбцах: дапамагаюць мясцовыя прадпрыемствы
-
Усмешкі, сардэчкі, лайкі. Як адрозніваецца стыль «новых» біскупаў і што яшчэ ад іх чакаюць
-
Упершыню за доўгі час адправілі святую Імшу. Беларускія святары ў Ватыкане знаходзяцца «ў цішыні»
-
Тыдзень на волі, але без сувязі: беларускія святары застаюцца ў Ватыкане, аднаго з іх чакае новы суд
-
«У будні – 2-7 чалавек». Святар з Мінска пераехаў у Магілёў і дзеліцца ўражаннямі