BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Вялікая бяда». Двум святарам у Беларусі не працягнулі дазвол на служэнне – без пастыраў засталіся адразу шэсць (!) парафій

Больш за 10 апошніх гадоў яны служылі ў Брэсцкай вобласці. Біскупы пракаментавалі сітуацыю.

Беларусь вымушаны пакінуць два польскіх святара, якія шмат гадоў служылі ў Брэсцкай вобласці. Як паведаміў праз дыяцэзіяльны сайт біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка ў сваім звароце да вернікаў, Пінская дыяцэзія не атрымала ад дзяржаўных уладаў узгадненне на далейшае служэнне святароў. 8 сакавіка з імі развіталіся ў парафіях.

Гэта ксёндз Адам Страчынскі, які на працягу 11 гадоў быў душпастырам у Івацэвічах, Косаве і Вольцы, і ксёндз Павел Кручэк, які 13 гадоў служыў у Іванаве, Драгічыне і Бездзежы. Такім чынам, адразу шэсць парафій у трох раёнах засталіся без святароў.

Асабліва балюча, што гэта здарылася падчас важнага літургічнага перыяду – Вялікага посту, і часу падрыхтоўкі да Пасхі.

Вось што сказалі на гэты конт біскупы, звяртаючыся да вернікаў.

Ардынарый Антоні Дзям'янка адзначыў, што дыяцэзіі вельмі складана забяспечыць усе парафіяльныя супольнасці рэгулярнай душпастырскай апекай.

«Сёння мы перажываем такі перыяд, калі не хапае мясцовых душпастыраў. Молімся аб пакліканнях да святарскага служэння і падтрымліваем нашых семінарыстаў. Шматгадовы пробашч ад’язджае з вашых парафій не па сваёй волі. Гэта боль для ўсіх нас. Але мы – біскупы і святары – будзем дапамагаць і падтрымліваць вас», – звярнуўся іерарх да вернікаў шасці парафій, якія засталіся без пастыраў.

Генеральны вікарый дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска таксама выказаўся на гэту тэму. На сваёй старонцы ён распавёў, што падчас візіту ў Гомель падзяліўся перажываннямі, звязанымі з выездам з Пінскай дыяцэзіі двух святароў, якім не быў узгоднены дазвол на рэлігійную дзейнасць:

«Прымусовы ад'езд ксяндза Паўла з Іванава і ксяндза Адама з Івацэвічаў – вялікая бяда для нашай дыяцэзіі, бо асірацелі і засталіся без пастырскай апекі вернікі аж трох раёнаў, і што далей рабіць – не ведаю... Толькі малітва супольнасці Касцёла суцяшае ў смутку і дадае надзеі».

У Пінскай дыяцэзіі з-за вострага недахопу святароў многія ксяндзы вымушаны абслугоўваць адразу некалькі парафій у розных, часта аддаленых населеных пунктах.

Адмова ў дазволе на працяг служэння двум святарам адбылася на фоне актыўнага супрацоўніцтва кіраўніцтва дыяцэзіі з мясцовымі дзяржаўнымі ўладамі, удзелу духавенства ў праўладных мерапрыемствах, нават з нагоды «Дня народнага адзінства» 17 верасня – далучэння Заходняй Беларусі да БССР, што мела катастрафічныя наступствы для Каталіцкай царквы ў гэтым рэгіёне.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць