Ліквідавана арганізацыя, але не супольнасць. Як жывуць парафіі, якія не прайшлі рэгістрацыю
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Рыма-каталіцкія супольнасці працягваюць жыць, а ліквідаванай уніяцкай парафіі, верагодна, давялося далучыцца да католікаў лацінскага абраду.
Па выніках перарэгістрацыі ў Беларусі былі ліквідаваныя амаль 60 рыма-каталіцкіх парафій і 1 – грэка-каталіцкая. Гэта супольнасці вернікаў, якія пазбавіліся юрыдычнай асобы, перасталі быць рэлігійнай арганізацыяй паводле закону.
Некаторыя з гэтых парафій сапраўды існавалі «толькі па паперы» – у свой час іх зарэгістравалі з надзеяй, што з'явяцца вернікі і супольнасць стане самастойнай. Але гэтага не адбылося.
Аднак многія ліквідаваныя парафіі былі жывымі, хоць і нешматлікімі. Тут рэгулярна адбываліся службы, вялося парафіяльнае жыццё, толькі колькасці вернікаў не хапіла, каб атрымаць новую рэгістрацыю рэлігійнай арганізацыі.
Што з імі стала? Ці закрыты цяпер іх храмы, ці не збіраюцца яны болей на малітву? І што з грэка-католікамі? Паспрабавалі высветліць.
Як мы даведаліся, у жыцці тых ліквідаваных парафій, якія былі «жывымі», фактычна мала што змянілася. Так, яны страцілі самастойнасць, суб'ектнасць, юрыдычную асобу і адпаведныя правы, банкаўскі рахунак і г.д., але права збірацца на малітву засталося.
Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што ліквідаваныя арганізацыі ўключылі ў тэрыторыю дзейнасці суседніх парафій. Адпаведна, касцёлы і капліцы арганізацый, якія не прайшлі рэгістрацыю, сталі прыпіснымі.
Гэта храмы, якія адміністрацыйна «прыпісаныя» да іншых, асноўных храмаў, святары якіх абслугоўваюць такія супольнасці – час ад часу прыязджаюць, каб адпраўляць Імшу. Кіраванне супольнасцю адбываецца адбываецца праз зарэгістраваную парафію. У гэтым выпадку ніякі закон не парушаецца.
Мы знайшлі некаторыя канкрэтныя прыклады. Адразу пасля пачатку перарэгістрацыі ў Пінскай дыяцэзіі падалі заявы на ліквідацыю некалькіх сельскіх парафій. У тым ліку – у вёсках Лыскава і Волька. Там арганізацыі былі ліквідаваныя, паводле інфармацыі ў Адзіным дзяржаўным рэгістры, у ліпені 2024 года.
Пра тое, што яны працягваюць жыццё, мы даведаліся з допісу біскупа Андрэя Зноскі, які наведваў гэтыя супольнасці ў 2025 годзе. Пра Лыскава ён распавядаў, што мясцовыя католікі збіраюцца ў капліцы на могілках (касцёл тут разбураны), а ў Вольцы – у капліцы ў вясковай хаце [на галоўным фота]. Іерарх не называе гэтыя супольнасці парафіямі – свае афіцыйныя назвы яны страцілі пасля ліквідацыі.
«Наведаў вернікаў, якія збіраюцца ў вёсцы Волька. Нягледзячы на невялікую колькасць, парафіяне рупліва сочаць за сваёй каплічкай і ўтрымліваюць яе ў выдатным стане», – пісаў біскуп, не ўзгадваючы, што мясцовая арганізацыя ліквідаваная.
Аднак іншая сітуацыя можа быць у ліквідаванай грэка-каталіцкай парафіі ў Івацэвічах. Гэта пакуль адзіная ўніяцкая супольнасць, якая не прайшла перарэгістрацыю і падала заяву на ліквідацыю ў снежні 2025 года. Цяпер яе афіцыйны статус – «знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі».

Як мы заўважылі, з пачатку году мясцовы грэка-каталіцкі святар пачаў прымаць удзел у адпраўленні святых Імшаў у рыма-каталіцкім касцёле ў Івацэвічах. Верагодна – разам са сваімі вернікам ён далучыўся да парафіі католікаў лацінскага абраду.

У супольнасці грэка-католікаў ёсць свая капліца – яна знаходзіцца ў прыватным доме. Але які цяпер яе статус і ці маюць вернікі права збірацца там на малітву і служыць Літургію, невядома: самі яны захоўваюць маўчанне.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
-
Ля храма Труны Гасподняй упалі аскепкі іранскай ракеты: базіліку могуць не адкрыць да Вялікадня
-
«Каб вайной не ішоў брат на брата». У Мінску католікі зладзілі набажэнства-перфоманс
-
«Вялікая бяда». Двум святарам у Беларусі не працягнулі дазвол на служэнне – без пастыраў засталіся адразу шэсць (!) парафій
-
Пытанні каталіцкаму святару задала аўдыторыя Threads. Адно аказалася моўным
-
Немцы з'ехалі, беларусы памерлі, святароў выслалі. Што стала з католікамі Валгадонска, дзе знеслі храм