Logo
Print this page

Царква не можа маўчаць пры несправядлівасці ў грамадстве, але... Нюансы патлумачыў святар

Калі Царкву пачынаюць ацэньваць паводле таго, наколькі яна адпавядае чыімсці палітычным ці нацыянальным чаканням, адбываецца небяспечная падмена.

Беларускі грэка-каталіцкі святар, заснавальнік парафіі для беларусаў у Бельгіі айцец Ян Майсейчык апублікаваў на сваёй старонцы важныя разважанні. Яны тычацца таго, чым кіруецца Царква пры рэакцыі на працэсы ў грамадстве і што ў ёй можа шукаць актыўны ў грамадскім жыцці вернік.

Царква не жыве ў вакууме, адзначыў святар: яна існуе сярод канкрэтнага народу, размаўляе ягонай мовай, успрымае яго культуру, моліцца за сваю краіну і не можа маўчаць перад абліччам несправядлівасці, гвалту ці знявагі чалавечай годнасці. Але адна рэч – даваць маральную ацэнку грамадскім з'явам у святле Евангелля, і зусім іншая – ператварацца ў рэлігійнае крыло нейкай палітычнай сілы.

У каментарах святар удакладніў: трэба адрозніваць нязменную маральную ацэнку ад спосабу пастырскага дзеяння:

«Царква абавязаная называць зло злом, аднак калі, у якой форме і якімі сродкамі пра гэта гаварыць – гэта пытанне пастырскай разважлівасці».

Так жа, як і дыялог з чалавекам не азначае ўхвалення ягоных учынкаў, а пастырская апека – згоды з ягоным ладам жыцця, дадаў святар.

Паводле яго, многія палітызаваныя людзі свядома ці несвядома хочуць бачыць Царкву альбо як своеасаблівую палітычную партыю, альбо як вузканацыянальны гурток, які павінен абслугоўваць пэўную ідэалогію, нацыянальную справу ці палітычны праект:

«Але Царква – ані партыя, ані грамадская арганізацыя, ані клуб людзей адной нацыянальнасці. Яе заснаваў Хрыстос не дзеля таго, каб яна прыводзіла да ўлады "правільных" палітыкаў, будавала дзяржаву ці захоўвала нацыянальную ідэнтычнасць. Яе місія значна глыбейшая: абвяшчаць Евангелле, весці чалавека да Бога, асвячаць ягонае жыццё праз малітву і сакрамэнты, вучыць любові, праўдзе, пакаянню і рыхтаваць да жыцця вечнага».

Тое самае, падкрэсліў айцец Ян Майсейчык, датычыць і нацыянальнага пытання. Царква можа і павінна шанаваць мову, культуру і гістарычную памяць народу, сярод якога яна служыць:

«Але чалавек прыходзіць у храм не таму, што ён беларус, паляк, украінец ці хто іншы, а таму, што шукае Бога. Нацыянальнасць можа быць дарам і часткай нашай чалавечай тоеснасці, але яна не ёсць умовай збаўлення».

Калі ж Царкву пачынаюць ацэньваць паводле таго, наколькі яна адпавядае чыімсці палітычным ці нацыянальным чаканням, адбываецца небяспечная падмена: ужо не Евангелле судзіць нашыя погляды, а нашыя погляды пачынаюць судзіць Евангелле і саму Царкву:

«Хрыстос не прыйшоў ствараць яшчэ адзін зямны лагер. Ён прыйшоў збіраць у адно дзяцей Божых. Таму ў сапраўднай Царкве павінна быць месца і для чалавека вельмі нацыянальна свядомага, і для таго, хто амаль не цікавіцца нацыянальным пытаннем; для чалавека з аднымі палітычнымі поглядамі і для чалавека з іншымі – пакуль яны ўсе гатовыя дазволіць Хрысту перамяняць іх сэрцы».

Святар падвёў вынік: Царква існуе не для таго, каб зрабіць чалавека добрым прадстаўніком нейкай партыі ці нацыі. Яна існуе дзеля таго, каб дапамагчы чалавеку стаць святым, то бок тым, хто ў сваім жыцці кіруецца Божымі запаведзямі і Евангельскай навукай, якую абвяшчае Царква.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onПанядзелак, 31 Жнівень 2026 11:06
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.