BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У Гомелі ўшанавалі памяць і маліліся за ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў - ФОТА

Каталікі і праваслаўныя вядуць работу з гісторыкамі па аднаўленні памяці нявінна забітых у савецкі час.

1 лістапада, у Дзень усіх святых, гомельская рыма-каталіцкая парафія правяла малебен каля крыжа на 9-м кіламетры Чарнігаўскай шашы - на месцы, дзе карнікі НКВД здзяйснялі масавыя расстрэлы, у тым ліку святароў і свецкіх вернікаў. Гэта адно з месцаў масавых расстрэлаў ахвяр бальшавіцкага тэрору ў перыяд 1919-1940 гг.

Традыцыйна каля крыжа каталікі маліліся і аб прабачэнні тых, хто здзяйсняў рэпрэсіі і расстрэльваў нявінных людзей, а таксама за ўсіх памерлых. Здзейсніў малебен біскуп Казімір Велікаселец.

Напярэдадні ў Гомельскай абласной бібліятэцы царкоўна-гістарычная камісія Гомельскай Епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы ў рамках XI Свята-Пакроўскіх чытанняў правяла Вечар памяці гомельскіх новапакутнікаў, якія пацярпелі ў 1920-х-1930-х гадах ад сталінскіх рэпрэсій.

Як паведамляе Гомельская епархія БПЦ, вядучы вечара, член Сафійскай абшчыны Прэабражэнскага праваслаўнага брацтва і Царкоўна-гістарычнай камісіі Гомельскай епархіі, Андрэй Скідан ўзгадаў словы Сымона Багаслова пра тое, што шанаваць памяць старажытных святых і пераймаць іх жыцці немагчыма, ня ведаючы і ня прылучаючыся да вопыту жыцця новых святых, блізкіх да нас па часе.

Епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан у сваім слове распавёў аб працы Камісіі па кананізацыі, аб тых пытаннях і праблемах, якія даводзіцца саборна вырашаць, падзяліўся сваім меркаваннем, а таксама згадаў, што да выдання падрыхтаваны мартыралог Гомельскай епархіі і хутка будзе даступны сайт, на якім можна будзе знайсці звесткі аб святарах і аб разбураных у савецкія гады храмах Гомельшчыны.

На сустрэчы прысутнічаў пробашч гомельскай рымска-каталіцкай парафіі айцец Славамір Ласкоўскі, які таксама распавёў аб працы, якую вядзе каталіцкая парафія сумесна з гісторыкамі па аднаўленні памяці нявінна забітых у савецкі час, па гісторыі Гомельскага дэканата, і заклікаў да разумення таго, што тое, што адбылося ў мінулым, можа рэальна закрануць і цяпер жывучых.

Андрэй Ананьеў, член Царкоўна-гістарычнай камісіі, у сваім слове назваў імёны расстраляных 1 лістападзе 1937 г. святароў з кароткімі вытрымкамі з іх біяграфіі. У той час па Гомелі прайшла хваля арыштаў па сфабрыкаванай НКВД справе «падпольнай контррэвалюцыйнай арганізацыі царкоўнікаў», больш за 50 чалавек былі расстраляныя ў ноч на 1 лістапада 1937 года. Андрэй згадаў, што ўсе гэтыя падзеі адбыліся не раптоўна, былі тыя, хто хадзіў у храм, а потым прадаваў сваіх сяброў і знаёмых, але былі і тыя, хто заставаўся верным Богу да смерці.

«Кроў пакутнікаў - гэта насенне хрысціянства», - так сказаў Тэртуліян, а гісторыя неаднаразова пацвердзіла гэтыя словы.

Каментары   
+2 #1 Павел 2014-11-01 22:25
А так адзначалі Дзяды ў Гомелі ў 1992 годзе. Гэты цікавы здымак даслала Марыя Булавінская - дзякуй ёй ;)

Гомельская праўда 1992 г. 5 лістапада:

Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць