Logo
Print this page

Упершыню галоўныя елкі Гомеля ўпрыгожылі не савецкай, а Бэтлеемскай зоркай - ФОТА навінак

А вось купіць такую зорку ў крамах для ўпрыгожвання хатніх елак стала праблемай - выбару практычна няма.

15 снежня ў Гомелі запалілі святочную ілюмінацыю і галоўныя елкі горада. З новых фішак у афармленні вуліц - «зорнае неба» з гірлянд даўжынёй у некалькі сот метраў на праспекце Перамогі. А галоўнае новаўвядзенне - новая велізарная яркая Бэтлеемская зорка на 30-метровай елцы на цэнтральнай плошчы Леніна. У гэтым годзе ўслед за сталіцай і астатнімі гарадамі Беларусі пасля нарады з галоўным мастаком горада ў Гомелі нарэшце вырашылі замяніць савецкую зорку на сімвал хрысціянскага Раства.

Нагадаем, у мінулым годзе мы пісалі пра тое, што толькі ў Гомелі і Віцебску галоўныя елкі увянчалі савецкімі зоркамі - хоць пасля распаду СССР прайшло ўжо больш за 20 гадоў. Чырвоная зорка звычайна называлася «Марсавай зоркай» па імені старажытнарымскага бога вайны Марса, таму выкарыстоўваецца ў вайсковай і дзяржаўнай сімволіцы многіх краін, у тым ліку тых, дзе былі ўсталяваныя ваенныя дыктатуры.

Таксама Бэтлеемскай зоркай упрыгожаны 3D-елі на плошчы Перамогі і Прывакзальнай плошчы ў Гомелі. Гэтыя канструкцыі ўсталявала прадпрыемства «Комплекс-Партнёр». А савецкая зорка засталася толькі на адной елцы ў цэнтры горада - на плошчы Паўстання.

А вось набыць Бэтлеемскую зорку ў гомельскіх крамах для ўпрыгожвання хатніх елак стала праблемай - выбару практычна няма. Хаця гэта не так блага - змайстраваць такую зорку можна сваімі рукамі разам з усёй сям'ёй.

Last modified onАўторак, 16 Снежань 2014 01:02
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.