BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Бэтлеемскі агонь прыбудзе ў Гомель 21 снежня

У бліжэйшую нядзелю вернікі змогуць прынесці сімвал Раства ў свае дамы ў Мінску, Гомелі і іншых гарадах.

Агонь з Бэтлеему, месца нараджэння Ісуса Хрыста, 19 снежня ўрачыста прымуць на святой Імшы ў Фарным касцёле Гродна, дзе збяруцца каталіцкія скаўты, каб запаліць свае лампады і развесці агонь па Беларусі.

Па шляху да Мінска Бэтлеемскі агонь плануюць даставіць у Іўе, Ліду і Івянец, а ўрачысты ўнос сімвала Раства ў кафедральны касцёл Мінска адбудзецца 21 снежня ў 13.00. Плануецца, што агонь з рук каталіцкіх скаўтаў прыме Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Арцыбіскуп Тадуеш Кандрусевіч, распавёў Генеральны камісар каталіцкіх скаўтаў у Беларусі Павел Граковіч.

З Мінска Бэтлеемскі агонь каталіцкія скаўты развязуць у напрамках Гомеля, Барысава і Віцебска, па шляху перадаючы яго ў каталіцкія парафіі іншых гарадоў. У прыватнасці, у Гомель група парафіяльных скаўтаў даставіць Бэтлеемскі агонь ужо ў пяты раз. Важна прасачыць, каб агонь у дарозе не згас, інакш прыйдзецца зноў вяртацца за ім у Мінск. У сталіцы, у Гомелі і іншых гарадах ўсе жадаючыя змогуць падпаліць свае лампады пасля нядзельных службаў 21 снежня, каб занесці агонь з Бэтлеему ва ўласныя дамы ці перадаць родным. На той выпадак, калі ў некага не апынецца з сабой лампады, узяць іх можна будзе ў касцёле ў скаўтаў.

Бэтлеемскі агонь скаўты прывозяць у Беларусь ужо больш за 15 гадоў (гл. ФОТЫ >>>). Святыня пачынае сваё падарожжа з Вены, куды яе дастаўляюць самалётам з Бэтлеему, потым агонь перадаюць у Чэхію, Польшчу і вязуць да беларускай мяжы, дзе ўрачыста ўручаюць мясцовым скаўтам.

Як кажуць святары, не варта ставіцца да бэтлеемскага агню як да містычнай з'явы. Гэтая святыня мае глыбокі духоўны сэнс, для хрысціяніна гэта сімвал гарачага сэрца, гарачай любові і веры, якімі неабходна дзяліцца адзін з адным.

Last modified onНядзеля, 21 Снежань 2014 12:47
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць