BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Старшыня саюза мастакоў - пра афармленне святыняў

«Пакуль не з'явяцца грошы на прафесійную працу, хай сцены лепш пабудуць голымі».

Старшыня Беларускага саюза мастакоў, прэзідэнт Міжнароднай канфедэрацыі саюзаў мастакоў краінаў СНД Рыгор Сітніца часта наведвае розныя гарады і мястэчкі Беларусі і ніколі не прамінае завітаць у мясцовыя святыні. Так і будучы нядаўна ў Гомелі спадар Сітніца наведаў касцёл Нараджэння Маці Божай – пакуль адзіны ў абласным цэнтры. Святыня вядомая сваімі фрэскамі, якія намаляваў італьянскі іканапісец. Старшыня саюза мастакоў ацаніў афармленне касцёла і выказаў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё сваё меркаванне ўвогуле наконт мастацкага аздаблення каталіцкіх святыняў.

“Пры наведванні святыні найперш я звяртаю ўвагу на яе гістарычныя каштоўнасці, на тое, што захавалася. Вельмі важна, каб гісторыя касцёла прасочвалася ў ягоным мастацкім аздабленні. І зважаючы на такія вядомыя святыні, як, напрыклад, касцёлы ў Гродне, Пінску, Будславе, я знаходжуся ў вялікім узрушэнні. Яны маюць геніяльнае мастацкае аздабленне. Гэта не толькі багацце Каталіцкага Касцёла, але і ўсёй нацыі. І клопатам дзяржавы з’яўляецца задача захаваць гэта. Што да новых касцёлаў, то таксама ў большасці выпадкаў я ўсцешаны тым, як яны аздабляюцца. Напрыклад, святыня ў Гомелі: надзвычай густоўнае мастацкае аздабленне, я не знайшоў тут аніякіх хібаў. Прапорцыі, танальнасць, каларыт, пустата – усё ў гармоніі, бо тут працавалі вельмі добра мастацка адукаваныя людзі”, - прызнаўся мастацкі эксперт.

Суразмоўца адзначыў, што часам у афармленні касцёлаў трапляюцца некаторыя кічовыя рэчы. Гэта адбываецца ў тых выпадках, калі, напрыклад, святар, не маючы адпаведнай мастацкай адукацыі, спрабуе сам неяк аздабляць святыню. Але гэта не масавая з’ява, падкрэслівае спецыяліст. Па яго словах, большасць каталіцкіх касцёлаў у Беларусі захоўваюць еўрапейскую традыцыю: “Таксама і ў мадэрновых святынях я не бачыў нейкага вычварэнства – усё дастаткова стрымана. Аздабленне можа быць мадэрновым, але галоўнае, каб яно не пераставала быць духоўным – безумоўна, вельмі важна, каб у касцёле была духоўная атмасфера. Напрыклад, мінскі Чырвоны касцёл таксама мадэрновы, таму там адпаведнае мастацкае афармленне, яго рабілі мінскія прафесійныя мастакі і ведалі, што яны робяць: разумелі архітэктуру, час, таму разумелі, якім павінна быць мастацкае аздабленне”.

Таксама старшыня Саюза мастакоў даў параду пробашчам і парафіянам новых маленькіх святыняў, дзе сцены пакуль голыя: “Хай лепш яны пабудуць некаторы час голыя, хай яны будуць намоленыя, а калі ў парафіі з’явіцца нейкая капейка, тады трэба клікаць прафесіяналаў. Не давярайце самаўпэўненым самавукам, а кантактуйце з прафесійнымі арганізацыямі. І калі парафія раптам знаходзіць сродкі, то не трэба прыносіць у святыню нейкі купецкі безгустоўны стыль – аздабляць яе трэба найперш паводле духоўнага і высока мастацкага густу, а не па-багатаму, каб слова Божае ў гэтым аздабленні не заблукала”, - лічыць старшыня мастацкай асацыяцыі.

Спадар Рыгор Сітніца запэўніў, што Беларускі саюз мастакоў заўсёды гатовы даць парады і прадаставіць адмыслоўцаў, якія аформяць святыню на адпаведным узроўні.

Last modified onАўторак, 16 Чэрвень 2015 16:03
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць