BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Папа Францыск хоча асабіста ведаць усе падрабязнасці справы арыштаванага КДБ ксяндза Лазара

Пантыфік, прымаючы з аўдыенцыяй Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, выказаў вялікую занепакоенасць дадзенай сітуацыяй.

Папа Рымскі Францыск 3 кастрычніка прыняў з аўдыенцыяй беларускага Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. На сустрэчы з кіраўніком каталіцкай Царквы ў Беларусі Пантыфік падкрэсліў, што хоча асабіста ведаць усе падрабязнасці справы арыштаванага беларускім КДБ святара Уладзіслава Лазара і тое, як яна будзе вырашацца.

Папа задаў пытанні аб становішчы ксяндза Лазара, пры гэтым выказаў вялікую занепакоенасць дадзенай сітуацыяй, паведамляе catholic.by.

Нагадаем, напярэдадні, 30 верасня Яго Святасць Папа Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. Падчас саракахвіліннай сустрэчы Папа затрымаўся над жыццём і перспектывамі Беларусі. Асаблівую ўвагу Пантыфік прысвяціў сітуацыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, радуючыся прагрэсу ў службе Евангеллю на карысць усяго беларускага народа і яго культуры.

Акрамя гэтага Пантыфік атрымаў усю інфармацыю, якой валодае Апостальскі Нунцый, аб становішчы святара Уладзіслава Лазара, выражаючы сваю заклапочанасць і просячы, каб яго асабіста рэгулярна інфармавалі аб развіцці гэтай сітуацыі. Папа запэўніў ўсю каталіцкую супольнасць краіны ў асаблівай блізкасці і ў сваёй асаблівай, бацькоўскай увазе да гэтай далікатнай сітуацыі.

Пантыфік папрасіў свайго Прадстаўніка ў Беларусі перадаць усім грамадзянам краіны цёплае прывітанне і запэўніў у сваёй малітве, павазе і сімпатыі.

У бліжэйшыя дні арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці сустрэнецца з Дзяржаўным Сакратаром і іншымі прадстаўнікамі Дзяржаўнага Сакратарыяту, а таксама са старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардыналам Куртам Кохам, старшынёй Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардыналам Жанам-Луі Таранам, старшынёй Папскай рады па культуры кардыналам Джанфранка Равазі, Прэфектам Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў кардыналам Леанарда Сандры, Патронам Мальтыйскага Ордэна кардыналам Паоло Сардзі, Прэфектам Кангрэгацыі па справах Духавенства арцыбіскупам Беньямінам Стэла, кардыналам Ражэ Эчэгараем і іншымі прадстаўнікамі Святога Пасаду.

Раней Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў святароў і вернікаў маліцца за шчаслівае вырашэнне сітуацыі з арыштаваным ксяндзом Уладзіславам Лазарам, і рабіць гэта асабліва ў нядзелю пасля Імшы. Гэты заклік прагучаў на пастырскай сустрэчы духавенства і манаскіх асоб дыяцэзіі 19 верасня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы.

Гаворачы аб арышце ксяндза Лазара, мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў духавенства, законнікаў і законніц "не прадпрымаць ніякіх дзеянняў без ўзгаднення з біскупам". "Гэта справа выклікала шырокі рэзананс у Беларусі і свеце і, на жаль, не спрыяла яднанню. Следства працягваецца, і сёння цяжка рабіць здагадкі, чым скончыцца справа. Трэба маліцца ў гэтай інтэнцыі". Мітрапаліт падзякаваў прысутным за адданую працу, заклікаў да еднасці і папрасіў быць уважлівымі, каб «не быць уцягнутымі ў супрацьпраўныя дзеянні».

Нагадаем, пасля многіх намаганняў і доўгага чакання Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі атрымала ад дзяржаўных органаў інфармацыю аб затрыманні святара Уладзіслава Лазара. Паводле афіцыйнай інфармацыі, айцец Уладзіслаў сапраўды затрыманы органамі КДБ і знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Мінску.

Святар абвінавачваецца ў саўдзеле да злачынства: здрадзе дзяржаве па п. 1 арт. 356 Крымінальнага Кодэкса Беларусі. Айцу Уладзіславу ставіцца ў віну перадача грошай і матэрыяльных каштоўнасцяў чалавеку, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць іншай дзяржавы. У бліжэйшай будучыні Апостальскаму Нунцыю ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці будзе прадастаўлена магчымасць асабістай сустрэчы з затрыманым святаром.

Дзяржаўныя ўлады гарантуюць, што царкоўную іерархію будуць рэгулярна інфармаваць пра вынікі следства, якое працягваецца. Паводле звестак уладаў, гэты эпізод не паўплывае на клімат даверу Беларусі Апостальскай Сталіцы і павагу да Каталіцкай Царквы.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі звяртаецца з заклікам да вернікаў даручыць Божай міласэрнасці гэтую балючую праблему.

Ксёндз Уладзіслаў Лазар - беларус, вучыўся ў Гродзенскай семінарыі, затым у Польшчы. У красавіку 2013 года ён быў прызначаны адміністратарам з правамі пробашча парафіі Спаслання Духа Святога ў Барысаве. Раней служыў у Мар'інай Горцы і Рудзенску.

Last modified onЧацвер, 03 Кастрычнік 2013 19:04
Каментары   
0 #2 Гость 2013-10-08 13:18
Ксёндз Лазар: Чакаю вызваленьня, бо ні ў чым не вінаваты

Ксёндз Уладзіслаў Лазар, якога арыштавалі 4 месяцы таму, абвінаваціўшы ў пасобніцтве шпіянажу, не прызнае сябе вінаватым. Гэта вынікае зь ліста, які атрымала сястра вязьня Яніна Лазар:

«Напісаў, што ні ў чым не вінаваты і чакае вызваленьня», — паведаміла Свабодзе спадарыня Яніна. Паводле яе, расьсьледаваньн е справы працягваецца, але ніякія падрабязнасьці ёй невядомыя, бо нават адвакат не паведамляе амаль нічога.
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
+4 #1 Яўген 2013-10-04 14:36
А давайце ня будзем рабіць памылка і ня будзем пісаць "Францыск" замест слушнага імя Францішак
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць