Logo
Print this page

Вікарый гомельскай каталіцкай парафіі святкуе сваё 30-годдзе

Напярэдадні юбілею айцец Дамінік правёў сваё першае вянчанне ў мясцовым касцёле, а ў сам Дзень нараджэння дзякаваў і славіў Бога на Імшы.

10 лістапада вікарый гомельскай рыма-каталіцкай парафіі Нараджэння Божай Маці айцец Дамінік Шыманскі адзначае сваё 30-годдзе. Пасля Святой Імшы парафіяне павіншавалі святара з юбілеем, пажадалі Божага дабраславення ў ягоных справах, узрастання ў веры, радасці і любячага сэрца, прысутнасці Хрыста ў ягоным жыцці.

Айцец Дамінік родам з польскага горада Хельм, ён выхоўваўся ў шматдзетнай веруючай каталіцкай сям'і. Скончыўшы семінарыю ў Любліне, святар тры гады служыў у польскай парафіі, а потым зразумеў, што Бог заклікае яго несці Евангелле ў іншыя краіны. Біскуп прапанаваў адправіцца ў беларускі Гомель, які ўжо шмат гадоў меў патрэбу ў каталіцкім святары.

- Я згадзіўся і атрымаў дабраславенне біскупа, хоць спачатку баяўся ехаць, бо не ведаў ні слова ні па-беларуску, ні па-руску, не ведаў нават, як прывітацца, - прызнаецца айцец Дамінік.

Мясцовыя ўлады не адразу далі польскаму святару дазвол на служэнне, але ў выніку айцец Дамінік атрымаў яго і ўжо больш за год з'яўляецца вікарыем парафіі. Малады ксёндз пастаянна працуе з мясцовымі скаўтамі, арганізоўвае сустрэчы для моладзі, уступіў у Нэакатэхуменальную суполку. У свой юбілей айцец Дамінік дзякаваў і славіў Бога на Святой Імшы, навучаў хлопцаў, якія жадаюць стаць міністрантамі, а напярэдадні правёў свой першы ў Гомелі сакрамэнт шлюбу.

Last modified onНядзеля, 10 Лістапад 2013 17:22
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.