Logo
Print this page

У гомельскім Доме міласэрнасці скаўты дапамагаюць карміць жабракоў і бяздомных

Сёстры ордэна Маці Тэрэзы заклікаюць усіх прыняць удзел у арганізацыі абедаў для бедных.

З гэтага тыдня гомельскія каталіцкія скаўты пачалі дапамагаць у арганізацыі бясплатных абедаў для жабракоў і бяздомных у Доме міласэрнасці. З просьбай арганізаваць дапамогу звярнуліся сёстры ордэна Маці Тэрэзы, якія раней сваімі сіламі спраўляліся з арганізацыяй абедаў, аднак цяпер з прычыны моцнай занятасці маюць патрэбу ў падтрымцы вернікаў царквы. Таму запрашаюць усіх жадаючых рабіць добрыя справы дапамагаць карміць бедных.

Абеды праходзяць кожны дзень у 15.00 акрамя чацвярга і нядзелі. Усіх, хто хоча ўдзельнічаць у арганізацыі харчавання для бедных, просяць прыходзіць у Дом міласэрнасці раней, прыкладна ў 14.00 – 14.30. Патрэбна дапамога ў раздачы абедаў, мыцці посуду, уборцы сталовай.

Нагадаем, адзіны ў Беларусі Дом міласэрнасці сясцёр ордэна Маці Тэрэзы (місіянерак любові) ужо каля 20 гадоў працуе ў Гомелі. Сёстры ордэна маці Тэрэзы ў Гомелі займаюцца многімі справамі, за якія мала хто хацеў брацца. Дом Міласэрнасці служыць прытулкам для некалькіх хворых мужчын і жанчын, якія апынуліся на вуліцы без сродкаў да існавання. Сёстры даглядаюць за імі, лечаць, дапамагаюць кінуць піць, аднавіць дакументы і ўладкавацца на працу. Місіянеркі рыхтуюць абед для бяздомных, раздаюць прадукты і адзенне для бедных сем'яў і адзінокіх старых, а ўлетку запрашаюць дзяцей з малазабяспечаных і праблемных сем'яў правесці «Канікулы з Богам» у дзіцячым лагеры. Па нядзелях дзеці прыходзяць на заняткі ў нядзельнай школе. Вернікі дапамагаюць карміць беднякоў, прыходзячы на працу ў сталовую. Дапамагчы можа кожны: напрыклад, раздаць ежу, памыць посуд, прынесці вопратку ці абутак.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.