BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У Гомелі сустракалі крыж Сусветных дзён моладзі - ФОТА

Біскуп Антоні Дзям'янка: Крыж гаворыць нам пра тое, што Бог палюбіў першым, Крыж адкрывае дарогу ў Неба.

У панядзелак 30 чэрвеня ў гомельскую рыма-каталіцкую парафію прыбыў Крыж Сусветных Дзён Моладзі. Гэта крыж, які прысутнічае на ўсіх сустрэчах моладзі з Папам Рымскім, а ў перыяд паміж сустрэчамі аб'язджае розныя краіны свету.

Дзеля гэтай вялікай падзеі ў Гомель прыбыў біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям'янка, які цэлебраваў святую Імшу. Падчас гаміліі ён сказаў:

- Крыж многія не разумелі, нават апосталы. І на працягу стагоддзяў многія не разумелі значэння Крыжа. Таму, магчыма, цяпер гэты крыж падарожнічае, каб мы нанова яго зразумелі. Хрысціянства пашыралася дзякуючы разуменню значэння Крыжа, альтруістычнай любові. Крыж гаворыць нам пра тое, што Бог першы палюбіў - усіх! Крыж адкрывае дарогу ў Неба.

Амаль 4-метровы крыж быў зроблены ў 1984 г., знаходзіўся спачатку на працягу цэлага года побач з галоўным алтаром базылікі св. Пятра. Затым Папа Ян Павел II уручыў крыж маладым людзям, як сімвал любові Хрыста да чалавецтва.

“Насіце яго ва ўсім свеце як знак, як сімвал любові Хрыста да чалавецтва, і абвяшчайце ўсім, што толькі ў смерці і ўваскрасенні Хрыста мы можам знайсці збаўленне і адкупленне”, - сказаў тады Папа.

З таго часу крыж і абраз Маці Божай пілігрымуюць па ўсім свеце, каб прыбыць у канчатковым выніку ў сталіцу чарговых Сусветных дзён моладзі. Бліжэйшая такая сустрэча пройдзе ў Кракаве ў 2016 годзе, а папярэдняя адбылася ў Бразіліі ў 2013 годзе.

Last modified onПанядзелак, 30 Чэрвень 2014 20:25
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць