Logo
Print this page

Беларускі святар праспяваў «Алілуя» для маладых падчас сакрамэнту шлюбу - ВІДЭА

Цяпер такі сюрпрыз айцец Ігар Анісімаў робіць шматлікім парам, якія бяруць шлюб у яго касцёле.

Пробашч рымска-каталіцкай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Слоніме (Гродзенская вобласць) айцец Ігар Анісімаў праспяваў для маладых падчас вянчання знакамітую песню "Алілуя" Леанарда Коэна на рускай мове. Нагадаем, нядаўна каталіцкі святар з Ірландыі стаў знакамітасцю на YouTube пасля таго, як праспяваў «Алілуя» на шлюбе пары ў яго парафіі і набраў дзясяткі мільёнаў праглядаў.

Як і ў выпадку з ірландскімі маладымі, беларуская пара і вернікі былі ў шоку ад сюрпрызу. У канцы песні нявеста нават заплакала, а ўвесь касцёл запляскаў.

Айцец Ігар цяпер у ад'ездзе, але katolik-gomel.by удалося пагаварыць з парафіянкай з Ліды Веранікай Вайчык, якая добра ведае «спяваючага святара». Менавіта яна выклала ў інтэрнэт відэа з яго песняй, больш за тое - менавіта Вераніка параіла айцу Ігару праспяваць на шлюбе.

- Ён хацеў зрабіць нейкі асаблівы падарунак гэтай пары, і тады я паказала відэа ірландскага святара. Быў тэкст песні на рускай, айцец Ігар крыху падкарэктаваў яго. І на шлюбе 7 чэрвеня ў канцы службы нечакана заспяваў. Усе былі ў шоку! - распавядае Вераніка.

Пасля гэтага выпадку па Слоніму пачалі хадзіць чуткі аб незвычайным шлюбе, і іншыя пары ўжо чакалі такога ж падарунка. Каб не падмануць іх чаканні, айцец Ігар зноў заспяваў. Зараз гэта ўвайшло ў традыцыю.

- Чула, што ў горадзе шмат кажуць пра гэта. Пасля гэтага нават многія няверуючыя людзі зацікавіліся касцёлам, - працягвае Вераніка.

У гэтым годзе айцу Ігару спаўняецца 40 гадоў, а свой пеўчы талент ён развівае яшчэ з маладосці. Падчас вучобы ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі ён спяваў у складзе групы «Ave».

- Я вельмі цаню і паважаю айца Ігара, сам ён вельмі сціплы, але таленавіты чалавек. У яго нялёгкі шлях у святарстве, часам бывае вельмі цяжка, такіх як ён трэба падтрымліваць! - кажа парафіянка.

Айцец Ігар родам з Магнітагорска (Расія), пасля атрымання пасвячэння ў 2001 годзе служыў у Лідзе і сельскай парафіі Гродзенскай дыяцэзіі, цяпер з'яўляецца пробашчам касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Слоніме.

Media

Last modified onПятніца, 11 Ліпень 2014 21:28
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.