BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У Каталіцкай царкве пачаўся Юбілейны Год Міласэрнасці

Катэдры ва ўсім свеце адкрываюць Святыя дзверы для атрымання адпусту.

8 снежня 2015 г., ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане папа Францішак адкрые Юбілейны Год Міласэрнасці. Ён будзе доўжыцца да 20 лістапада 2016 г. У гэты час у Рыме чакаецца прыбыццё мільёнаў пілігрымаў з усяго свету. У сувязі з тэрарыстычнымі пагрозамі, гарадскія ўлады прадпрынялі больш сур’ёзныя меры бяспекі. У заўтрашняй цырымоніі інаўгурацыі прыме ўдзел Бэнэдыкт XVI.

Усё пачнецца ўрачыстым адкрыццём Святых Дзвярэй у ватыканскай базыліцы. Францішак вельмі спрасціў цырымонію і амовіўся ад традыцыйнага сімвалічнага трохразовага удару малатком і размуравання сцяны, якая знутры базылікі закрывае Дзверы. Францішак абмяжуецца толькі адкрыццём Дзявярэй.

 Катэдральныя саборы, святыні і буйныя каталіцкія святыні ва ўсім свеце адкрыюць Святыя Дзверы ў бліжэйшую нядзелю 13 снежня (чытайце, як і дзе ў Беларусі можна атрымаць індульгенцыю, а таксама Праграму Года Міласэрнасці ў Беларусі).

“Хачу, каб Юбілей быў жывым досведам блізкасці Айца, дотыкам да Яго пяшчоты, каб вера кожнага верніка была ўзмоцнена і, такім чынам, яго сведчанне стала яшчэ больш плённым”, - такая думка гучыць у пачатку ліста папы Францішка да арцыбіскупа Рына Фізікелы, старшыні Папскай рады па новай евангелізацыі. Галоўнай тэмай паслання, абнародаванага ў Ватыкане 1 верасня 2015 г., сталі адпусты, звязаныя з Надзвычайным Юбілейным Годам Міласэрнасці, які пачынаецца ў Касцёле 8 снежня 2015 г.  

“Каб перажыць і атрымаць адпуст, вернікі павінны зрабіць кароткую пілігрымку да Святых дзвярэй, адчыненых у кожнай катэдры або касцёлах, вызначаных дыяцэзіяльным біскупам, а таксама ў чатырох папскіх базыліках у Рыме, у знак глыбокага імкнення да сапраўднага навяртання. Акрамя таго, я распараджаюся, каб у санктуарыях, дзе былі адчынены Дзверы Міласэрнасці, і ў касцёлах, якія традыцыйна вызначаны ў якасці юбілейных, існавала магчымасць атрымання адпусту. Важна, каб гэты момант быў звязаны, у першую чаргу, з сакрамэнтам паяднання і ўдзелам у св. Імшы, а таксама з разважаннем пра міласэрнасць. Неабходна будзе суправаджаць гэтыя цэлебрацыі вызнаннем веры і малітвай за мяне і ў маіх інтэнцыях, якія нашу ў маім сэрцы на карысць Касцёла і ўсяго свету”, - напісаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што асаблівым чынам думае пра тых, хто па розных прычынах не будзе мець магчымасці прайсці праз Святыя дзверы: хворых і людзей пажылога ўзросту. Для іх спосабам атрымання адпусту будзе прыняцце св. Камуніі і ўдзел у св. Імшы або супольная малітва, нават з дапамогай сродкаў камунікацыі, напрыклад, радыё і тэлебачання. 

Вялікай “амністыяй” назваў Папа Год Міласэрнасці для зняволеных. “Яны могуць атрымаць адпуст у турэмных капліцах. А калі будуць праходзіць праз дзверы сваёй камеры, кіруючы думкі і малітвы да Айца, няхай кожны раз гэты жэст азначае для іх праходжанне праз Святыя дзверы, таму што Божая міласэрнасць, якая можа змяняць сэрцы, таксама ў стане пераўтварыць краты ў досвед волі”, - напісаў Пантыфік.

Францішак звярнуў увагу на багацце, якое захоўваецца ва ўчынках міласэрнасці для душы і цела бліжняга. “Кожны раз, калі нехта з вернікаў асабіста выканае адзін або некалькі гэтых учынкаў, безумоўна, атрымае юбілейны адпуст. (…) Гэта будзе поўны юбілейны адпуст, плён самой падзеі, якая цэлебруецца і перажываецца з верай, надзеяй і любоўю”, - гаворыцца ў лісце Святога Айца. Ён нагадаў, што адпуст можа быць ахвяраваны не толькі за сябе, але і за памерлага.

Пантыфік прыняў яшчэ адно беспрэцэдэнтнае рашэнне: у Год Міласэрнасці ён даў права кожнаму святару адпускаць грэх аборту асобам, якія ўчынілі яго, жалеюць за яго і просяць аб прабачэнні. “У Божым прабачэнні не можна адмовіць нікому, хто шкадуе, асабліва, калі з шчырым сэрцам прыступае да сакрамэнту споведзі, каб прымірыцца з Айцом”, - так аргументаваў сваё рашэнне, якое было прынята “нягледзячы на ўсе супярэчныя правілы”, Францішак.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць