Адкажу за сябе, тым болей, з Раманам ужо завочна знаёмыя )) Я патрапіў да каталікоў шэсць-сем гадоў таму. У дзяцінстве таксама быў ахрышчаны ў праваслаўі, але ў храме амаль ніколі не бываў і вернікам увогуле не быў (як і большасць).
Калі я выпадкова прыйшоў на Імшу ў каталіцкую царкву, мяне таксама прыемна ўразіла мова, а больш за ўсё тое, што маё сэрца нешта кранула. Чытанні на зразумелай мове (калі бываў у праваслаўным храме, на жаль, нічога не разумеў з таго, што чытаюць), казанне святара - усё як быццам пра мяне, і я зразумеў, што Евангелле - гэта не проста старадаўняя кніга, а тое, што датычыцца кожнага чалавека цяперашняга і будучага, і мяне таксама. Таму я пачаў хадзіць у касцёл і там застаўся.
Шмат людзей сустракаў у касцёле, якія таксама былі праваслаўнымі (або пратэстантамі) і захацелі стаць каталікамі. Па розных матывах. І шмат хто з іх сышоў з касцёла або дагэтуль працягвае мітусіцца: то туды, то сюды.
Наш святар кажа, што лепей не мяняць канфесію. У праваслаўі і ў каталіцтве ёсць усё, што трэба для навяртання. Тым болей, калі чалавек шукае ў царкве не Бога, а нешта іншае (мову, сяброў, нешта яшчэ) - тым болей ён у выніку расчаруецца. Гэта можа быць падманам дэмана - ідзі ў тую царкву, там будзе лепей. А ў выніку чалавек можа дзейнічаць так проста з-за сваёй пыхі, і ў выніку страціць ўсё. "Вялікадзяржаўе" царквы - гэта другаснае. У царкве шмат праблем, шмат чаго кепскага, бо яе складаюць людзі - такія ж слабыя грэшнікі, як і ўсе. Але галоўнае - шлях да навяртання - яна дае.
З іншага боку, Бог можа заклікаць у царкву праз нейкія рэчы. Напрыклад, праз мову )) Дапамагчы зразумець, дзе кліча Бог, а дзе дэман, можа толькі Дух святы. Варта маліцца, каб Ён адкрыў праўду.
У любым выпадку, калі вы былі ахрышчаны ў праваслаўі, але з таго часу царкву амаль не наведвалі, думаю, што не кепска не будзе, калі прыйдзеце да каталікоў і там паспрабуеце знайсці Бога. Можа ў вас менавіта такі шлях. Дарэчы, не думайце, што ў нас усё па-беларуску - на жаль, не так (( Мова Набажэнстваў - беларуская, таму ўсе малітвы святар і вернікі чытаюць па-беларуску. Але казанні пробашч вымушаны рабіць на рускай мове, бо людзі не разумеюць. Таксама і чытанні з Бібліі, часцей за ўсё, па-руску. У заходняй і цэнтральнай частках краіны па-беларуску ўсё. Але Гомель, на жаль, рускі горад ((
У касцёле можаце паводзіць сябе як заўгодна, акрамя таго, што перашкаджае Набажэнствам. "Бабак" у нас амаль няма, шыкаць ніхто не будзе )) Можаце проста рабіць тое, што і ўсе - можаце не рабіць, а проста назіраць. Гэта не важна. Па сабе ведаю. Галоўнае - гэта не выкананне правілаў )) Адзінае што - праваслаўная царква не дазваляе сваім вернікам прымаць у каталікоў Святую Камунію. Вы можаце гэта рабіць у касцёле толькі ў тым выпадку, калі прымеце каталіцтва (пасля неабходнай падрыхтоўкі прыступіце да сакрамэнту Першай споведзі і Святой Камуніі). А для такіх падрыхтовак зараз як раз праводзіцца "Школа веры".
Яшчэ нюанс - наш пробашч зараз з'язджае па пару тыдняў. Будзе толькі вікарый - малады ксёндз з Польшчы, які пакуль не вывучыў ані рускай, ані беларускай мовы ((
Так што раю прыходзіць на нас ужо на Раство (і на Школу веры). Але лепей слухайце Бога - можа, ён заклікае вас у храм менавіта сёння ))
І апошняе. Калі я стаў каталіком, знаёмы праваслаўны святар мяне зусім не асудзіў. Ён разумее, што такім можа быць мой шлях, абраны Богам. А вось асудзілі ведаеце хто? Тыя, хто лічыць сябе праваслаўнымі, але ў царкве бывае раз на тры гады ))
Люби - и делай что хочешь!