Logo
Print this page

Будзь воля Твая... Ці мая?

Калі чытаю "Ойча наш", заўважаю, што душа мая бянтэжыцца, згаджаючыся трымацца жаданняў Бога.

У апошні час стаў задумвацца аб тым, з якімі пачуццямі і думкамі я чытаю малітву "Ойча наш". І заўважыў, што на радку «...будзь воля Твая» душа мая неяк міжволі бянтэжыцца. Я як быццам асуджана пагаджаюся: хай будзе воля Твая, Госпадзе, хоць нічога добрага мне пры гэтым не свеціць. Што парабіць, не будзе, так як я хачу, а як хоча Бог. Ні спакою, ні радасці, ні грошай, ні поспеху, ні здароўя - адны пакуты ды пазбаўленні...

Як ні хочацца ў гэтым прызнавацца, але праўда ёсць праўда: вельмі мала ва мне веры ў тое, што Бог мяне любіць. Бо калі б я ў гэта цвёрда верыў, калі б давяраў Богу сваё жыццё, не пагаджаўся бы неахвотна, а прасіў бы ўсім сэрцам: хай будзе воля Твая! Калі б верыў у тое, што воля бязмерна любячага мяне Бога - гэта лепшае, што можа быць у маім жыцці, крычаў бы да Госпада: хай будзе воля Твая!

І мая воля, і Божая воля ў тым, каб я ўвайшоў у Вечнае жыццё і стаў шчаслівым. Гэта значыць, мы абодва гэтага хочам, але разумеем гэта па-рознаму. Хто разумее лепш, пытанне, вядома, дурное: ці не Той, Хто стварыў неба, зямлю і мяне самога?

Нішто так добра не дапамагае ўсведамляць свае адносіны з Богам, як прыклад адносін з бацькамі. Узгадваю, як у дзяцінстве хварэў на моры на запаленне лёгкіх, баяўся ўколаў і крыўдзіўся, лаяў маці за тое, што не пускае болей купацца і робіць мне гэтыя жудасныя ўколы, ад якіх я так пакутую, ад якіх мне так балюча. Я плакаў і паверыць не мог у тое, што маці мяне любіць. Калі б гэта было так, як бы яна магла прыносіць мне пакуты гэтымі ўколамі! Яна ж рабіла іх па сваёй волі і - супраць маёй волі. А калі б маці пагадзілася з маімі жаданнямі і не стала б лячыць і рабіць укол? Відавочна - я б урэшце памёр ад хваробы.

Для мяне гэта самы наглядны прыклад таго, куды можа завесці выкананне уласнай волі. І з дапамогай Святога духу знаходжу сілы разумець: калі цяпер мне балюча, я пакутую, гэта не значыць, што Бог - злы. Гэта не значыць, што Нябесны Айцец пакінуў мяне. Наадварот, ён як ніколі блізка. Ён прыйшоў мне на дапамогу з лепшымі і самымі дарагімі лекамі, каб лячыць хваробы сэрца, якімі я сам сябе пакараў (як пры пнеўманіі ў дзяцінстве - прасіла мама: не купайся доўга ў халоднай вадзе!).

Перажыўшы свае дзіцячыя пакуты праз неабходны курс уколаў, ужо шмат разоў зноў купаўся ў морах, рэках і азёрах, адчуваючы шчаслівыя моманты. І маці радавалася за мяне. Яе воля споўнілася, я зноў здаровы і шчаслівы.

А Бог - Ён жа любіць мяне ў шмат разоў мацней бацькоў і ўсіх людзей на зямлі. Таму спрабую прасіць: будзь воля Твая! Пашлі мне ўсё неабходнае для майго хворага сэрца, каб яно таксама змагло любіць, пашлі мне ўсё для майго шчасця - толькі Ты ведаеш, што менавіта павінна адбывацца ў маім жыцці, каб яно стала шчаслівым і вечным.

Last modified onСубота, 04 Студзень 2014 09:03
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.