BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У Пінску арганізоўваюць арганны фестываль імя кардынала Казіміра Свёнтка

Арганісты з розных краінаў будуць даваць канцэрты на старажытным аргане каталіцкай катэдры

Адзін з самых старажытных і другі па велічыні беларускі арган - які месціцца ў Пінскай катэдры - загучыць па-новаму. У касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі арганізоўваюць фестываль арганнай музыкі імя кардынала Казіміра Свёнтка. Плануецца, што на працягу лета арганісты з розных краінаў будуць даваць канцэрты ў галоўнай пінскай святыні.

Арганны фестываль мяркуецца распачаць напрыканцы траўня 2019 года. Пра дакладныя тэрміны і расклад канцэртаў стане вядома неўзабаве. Ініцыявала фестываль катэдральная парафія пры падтрымцы сектара культуры гарвыканкама, паведаміла Беларускай службе Vatican News сябра Рады па справах літургіі і музыкі Пінскай дыяцэзіі, арганістка Вікторыя Куцько.

Паводле яе, сярод галоўных ідэяй і мэтаў фестываля - ушанаванне імя адзінага беларускага кардынала, 80-годдзе святарства якога будзе адзначацца сёлета. «Па-другое - паказаць наш катэдральны арган шырокаму колу слухачоў. Бо гэта адзін з самых старажытных і, на жаль, мала задзейнічаных у канцэртным выкананні інструментаў. І па-трэцяе - немалаважна далучаць вернікаў, жыхароў і гасцей горада да слухання твораў духоўнай музыкі, навучыць іх слухаць, разумець і любіць такую незвычайную для сучаснага свету музыку», - пракаментавала сп. Вікторыя.

Немалаважна і тое, што Пінск быў абраны культурнай сталіцай Беларусі 2019 году, таму арганны фестываль будзе адным з галоўных мерапрыемстваў, якія пройдуць з нагоды надання гораду такога статусу. У перспектыве штогадовы фестываль арганнай музыкі мог бы стаць брэндам сталіцы брэсцкага Палесся і прыцягваць у горад турыстаў.

Арган пінскай катэдры быў пабудаваны майстрам Адальбертам Градніцкім у Вільні ў 1837 годзе. Інструмент мае 1049 галасоў, 36 дзейных рэгістраў, два мануалы, 1498 трубаў - драўляных і металічных, вышынёй да чатырох метраў. Цікава, што грошы на рэканструкцыю пінскага аргана нядаўна выдаткоўваў беларускі мецэнат Юры Зісер, заснавальнік партала Tut.by.

Жыццё кардынала Казіміра Свёнтка цесна звязанае з пінскім касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У 1954 годзе Свёнтэк, будучы святаром, вярнуўся са сталінскіх лагераў і з таго часу служыў у парафіі больш за 50 гадоў. У 2001 годзе па ініцыятыве іерарха - на той час ужо кардынала - была адноўлена пінская семінарыя, якая размясцілася ў карпусах былога кляштара пры катэдры. Пасля смерці ў 2011 годзе кардынал Свёнтэк быў пахаваны ў крыпце святыні.

Last modified onСерада, 09 Студзень 2019 15:04
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць