«Сказалі, я адзіны, каго адпусцілі да суда». У Беларусі двух святароў абвінавацілі ў «экстрэмізме»
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Соцыум
- Add new comment
Пасля допыту і складання пратаколаў у абодвух забралі смартфоны. Пробашчы чакаюць судоў
У Велікодныя дні, якія цяпер перажываюць католікі, міліцыя ў Беларусі затрымлівала двух святароў - пробашчаў парафій у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкай царквы. На абодвух склалі адміністрацыйныя пратаколы па ч. 2 артыкула 19.11 за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», які прадугледжвае штраф ад 10 да 30 базавых велічынь, або грамадскія работы, або арышт з магчымай канфіскацыяй «сродкаў здзяйснення правапарушэння» - як правіла, гэта смартфон або кампутар.
Спачатку стала вядома пра затрыманне пробашча парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках ксяндза Андрэя Кеўліча, нядаўна прызначанага Магілёўскім дэканам. Праз два дні затрымалі пробашча парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах ксяндза каноніка Ігара Лашука. У абодвух святароў пасля допыту і складання пратаколаў забралі смартфоны. Звычайна ў такіх выпадках адразу адбываюцца суды, аднак, як паведамілі пробашчы, іх адпусцілі з міліцыі да судоў, якія дагэтуль не прызначаныя. Паводле закону, суд па адміністрацыйнай справе можа адбыцца на працягу двух месяцаў пасля складання пратаколу.
«Мне сказалі, што я адзіны, каго па гэтым артыкуле адпускаюць да суда. Там, дзе я быў на допыце, за сцяной знаходзяцца парэшткі айца Фабіяна - я прасіў яго заступіцца. Супакой і ўпэўненасць прыйшлі хутка», - адзначыў кс. Ігар. Яго абвінавацілі ў перапосце ў сацыяльнай сетцы паведамленняў, у прыватнасці аб спыненні вайны ва Украіне, са старонак недзяржаўных выданняў, абвешчаных «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».
Дарэчы, у пачатку вайны Расіі супраць Украіны кс. Ігар праводзіў малітву ў памежных парафіях Беларусі.
Па аналагічных артыкулах за апошні месяц у Беларусі пераследвалі яшчэ двух каталіцкіх святароў у Віцебскай дыяцэзіі, аднаго з іх трымалі ў ізалятары. Таксама грэка-каталіцкага святара ў Магілёве судзілі за «несанкцыянаванае пікетаванне» - да суда, які яго аштрафаваў, святар знаходзіўся за кратамі.
Related items
-
Масавыя Эўхарыстычныя працэсіі прайшлі на Гомельшчыне - фота
-
Будслаўскі касцёл адкрылі для наведвання - ідзе падрыхтоўка да фэсту
-
"100 зраблю - вайна скончыцца". Беларуская паэтка стварае і дорыць аўтарскія ружанцы
-
«Адбываецца сусветная вайна». Што менавіта сказаў Папа Рымскі пра агрэсію Расіі ва Украіне
-
«Даёт нам пример любви». Католики и православные праздновали «Троицу» в один день