BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Навучанне рэлігіі ў школах – якім яно можа быць у Беларусі

Пагаварылі з беларусам, які вядзе ўрокі рэлігіі ў Польшчы: «Вучні самі прапануюць тэмы, якія мы абмяркоўваем, якія хвалююць моладзь».

З гэтага навучальнага года беларус Мікалай, які апошнім часам жыве ў Польшчы, стаў выкладаць рэлігію ў навучальнай установе. Сваімі першымі ўражаннямі Мікалай падзяліўся з Katolik.life і паразважаў пра тое, наколькі такая сістэма рэлігійнай адукацыі дастасоўная да Беларусі, дзе на дадзены момант у школах гавораць аб рэлігіі ў рамках факультатыва «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму».

Мікалай коратка патлумачыў, як арганізавана ў Польшчы выкладанне рэлігіі. Заняткі – у рамках супрацоўніцтва дзяржавы з Каталіцкай царквой – пачынаюцца ўжо ў дзіцячых садках:

«Натуральна, у садках усё прасцей: распавядаеш якую-небудзь біблейскую гісторыю, пра асоб, герояў – дзеці малююць, лепяць, робяць ружанцы з каштанаў – развіваюць маторыку, вучацца запамінаць кароткія малітвы, рыхтуюць песні, танцы».

У школах усё па-іншаму: ёсць спецыяльныя падручнікі, сшыткі, кожны клас мае сваю праграму. Спачатку гэта падрыхтоўка да першай Камуніі, затым «замацаванне», а восьмы клас – падрыхтоўка да Канфірмацыі.

Мікалай выкладае рэлігію ў ліцэі – у Польшчы гэта наступная ступень пасля 8 класаў, «базавай школы», гэта значыць аналаг старэйшых класаў у Беларусі. Заняткі па рэлігіі ўключаны ў агульны расклад, але іх наведванне неабавязковае. Часта такія ўрокі ставяць на канец дня, таму многія вучні не прыходзяць:

«Праз тое, што дзеці перагружаныя – вучацца з 8 да 17 гадзін, апошнюю 9-10-ю лекцыю часам прапускаюць ці ўвогуле адмаўляюцца ад навучання рэлігіі. Але шмат і такіх, якія нават у пятніцу ўвечары прыходзяць, нягледзячы на стомленасць: пагутарыць, падзяліцца тым, што хвалюе. Відаць, што ім гэта цікава, і заняткі накіраваныя на тых, хто сапраўды хоча іх наведваць».

Мікалай кажа, што ў выкладчыка ёсць поўная свабода, не патрабуецца строгае выкананне планаў і праграмы:

«Таму з маладымі людзьмі ў ліцэі я магу гаварыць у святле рэлігіі на тэмы, якія сапраўды хвалююць моладзь. Вучні самі могуць прапанаваць тэмы, якія мы можам абмяркоўваць, разглядаць на ўроках рэлігіі. Напрыклад, ці праўда, што акрамя мужчынскага і жаночага полаў існуюць якія-небудзь іншыя, аб праблемах гомасэксуалізму, суіцыдаў».

Нагадаем, у беларускіх школах факультатыў аб духоўнасці складаецца з канкрэтных тэм: «сціпласць, пакора», «міласэрнасць», «дабрыня», «сумленнасць», «сумленне, раскаянне». А таксама – «служэнне, мужнасць, гонар», і сярод задач факультатыва значыцца «фарміраванне адказнага стаўлення да вайсковай і грамадзянскай службы».

У Польшчы ўрокі рэлігіі вядуць свецкія людзі, а ў Беларусі – мяркуючы па матэрыялах у прэсе – праваслаўныя святары або настаўнікі іншых дысцыплін. Напрыклад, у школе № 191 Мінска, як паведамлялася, факультатыў вядзе выкладчык гісторыі, які вучыўся ў Рускай духоўнай семінарыі.

Мікалай лічыць вельмі важным, каб дзяцей навучалі рэлігіі спецыялісты з адпаведнай адукацыяй. Сам ён атрымаў дыплом тэолага пасля заканчэння ўніверсітэта ў Польшчы.

Іншая праблема – як пабудаваць навучальны працэс так, каб на факультатывах гаварылі не толькі пра праваслаўе, паколькі Беларусь, у адрозненне ад Польшчы, шматканфесійная краіна. Бо праграма факультатыва распрацавана ў адпаведнасці з пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж дзяржавай і Праваслаўнай царквой, аналагічнага пагаднення з Каталіцкай царквой у Беларусі няма.

Варыянтам можа быць стварэнне міжканфесійнай камісіі для распрацоўкі праграмы ўрокаў рэлігіі.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць