Развітанне з Генадзем Бураўкіным пройдзе ў Мінску 31 траўня + ВЕРШЫ паэта
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Соцыум
- Add new comment
Класік беларускай літаратуры, які апошнія месяцы змагаўся з ракам, памёр у пятніцу раніцай у сваёй кватэры.
Як паведамляе Саюз беларускіх пісьменнікаў, развітанне з паэтам Генадзем Бураўкіным пачнецца 31 мая з 11.30 у мінскім Свята-Петра-Паўлаўскім саборы (вул. Ракаўская, 4). Пахаваюць паэта на Ўсходніх могілках у Мінску.
Нагадаем, 30 траўня раніцай у сваёй кватэры ў Мінску ва ўзросце 77 гадоў памёр паэт, класік беларускай літаратуры Генадзь Бураўкін, які апошнія месяцы змагаўся з ракам.
Генадзь Бураўкін - беларускі пісьменнік, сцэнарыст, грамадска-палітычны дзеяч. Член Саюза пісьменнікаў СССР, Лаўрэат Прэміі Ленінскага камсамола БССР, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча.
Генадзь Мікалаевіч - не толькі аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў. Песні на яго вершы спявае не адно пакаленне беларусаў, а пад «Калыханку» Бураўкіна маленькія беларусы засынаюць на працягу ўжо больш за дваццаць гадоў.
Светлая памяць паэту! Божа, прымі яго душу ў Валадарства Нябеснае.
Генадзь Бураўкін. Малітва.
Мы здалёку ўбачылі свабоду
I яшчэ не вырваліся з пут…
Божа,
Не дабаў майму народу
Пошасці,
Няпраўды
I пакут.
У чужым нялюдскім землятрусе
Хіба ў нечым мелі мы віну?..
Божа,
Адвядзі ад Беларусі
Здраду,
Вераломства
I вайну.
Смутнаю парою нелюдзімай,
Калі ўсё вакол ідзе на злом,
Божа,
Захіні маю Радзіму
Мудрасцю,
Спакоем,
I цяплом.
***
Яшчэ ня вечар, мілая.
Яшчэ ня вечар.
Наперадзе ў нас тысяча сустрэч.
І будзе бэзам новы май расквечаны.
І салаўі аглушаць насамрэч.
І ўзыйдуць зоркі раньнія над вязамі.
І ты даверыш
Сон майму плячу,
І тыя словы, што яшчэ ня сказаны,
Табе я нечакана прашапчу.
І засьмяецца маладзік у фортцы.
І вернецца блакітны вецер наш...
А калі раптам нешта не паўторыцца,
То літасьціва тое не заўваж.
І не бяда,
Што бэз цвіце ня вечна
І лісьце асыпае вяз ня раз...
Яшчэ ня вечар, мілая.
Яшчэ ня вечар.
Вясна яшчэ не разлучыла нас...
***
Ад Чарнобыля ў небе плыве аблачынка.
А па лузе ідуць хлапчанё і дзяўчынка.
Вецер шастае колкі.
Ліпкі дожджык імжыць...
І хто ведае,
Колькі
Засталося ім жыць.
Дзеўчанё яснавокае
І хлапчук светла-русы -
Па вясновай зямле ідуць беларусы.
Узіраюцца ў неба зусім без апаскі,
Каля сцежкі зрываюць паніклыя краскі.
І прагрэс перад позіркам іхнім дрыжыць.
"А ці будзем мы жыць?"
"А ці будзем мы жыць?!"
***
Я не ганю землі чужыя, -
Хай іх сонца не абміне.
Толькі дзе б за морам ні жыў я,
Беларусь мая снілася мне.
Так карцела - сляза закіпала, -
Каб да сэрца хаця б здалёк
Прыплывалі жалейка Купалы,
Багдановічаў васілёк...
Гэта ўсё, безумоўна, не нова.
А ці трэба, каб новым было
Поле бацькава, матчына мова
І над хатай буслова жытло?
Хіба душы свае не лечым
Ад бяздомных бядот і згрызот
Самым простым і самым вечным,
Што пранёс праз вякі народ?
І якія б шляхі ні схадзіў я,
Кліча полацкая сенажаць...
А калі не спяваць аб Радзіме,
Дык навошта наогул спяваць?