«Судзяць не мяне, а ўвесь Касцёл у Беларусі». Ксёндз Акалатовіч адзначыў 65-годдзе і перадаў вестку з-за кратаў
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Соцыум
- Add new comment
Паводле асуджанага святара, у ягонай справе «няма ні слова праўды».
Важнае паведамленне перадаў вернікам з-за кратаў ксёндз Генрых Акалатовіч, асуджаны на 11 гадоў зняволення па абвінавачванні ў «здрадзе дзяржаве». Гэта адбылося напярэдадні яго 65-годдзя, якое святар адзначыў 8 красавіка ў СІЗА Мінска.
З таго, што святару ўдалося перадаць, у агульных рысах становіцца зразумела, у чым менавіта яго абвінавацілі. Нагадаем, суд праходзіў у закрытым рэжыме, і ніякіх звестак пра справу пробашча з Валожына няма.
Ксёндз Генрых сказаў, што яго абвінавацілі ў «шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана», што з'яўляецца «грубай правакацыяй». Святар падкрэсліў, што ніколі не быў нічыім шпіёнам, што ён слуга Бога, а судзяць не яго, а «ўсю Каталіцкую царкву ў Беларусі».
Спасылаючыся на словы кардынала Казіміра Свёнтка, якога таксама трымалі ў СІЗА КДБ, ксёндз адзначыў, што «святароў пераследуюць, каб закрыць нам раты, каб Каталіцкая царква не казала праўды».
Паводле асуджанага святара, у ягонай справе «няма ні слова праўды, ні аднаго факту, які выкрывае яго ў шпіянажы, а ўсё абвінавачванне будуецца на хлусні, пагрозах і шантажы». Ксёндз падкрэсліў, што з дзясяткаў сведак, сярод якіх ёсць чыноўнікі і вайскоўцы, ніхто не даў супраць яго «выкрывальных паказанняў».
Калі фактаў няма, а ўсё роўна судзяць пад надуманай падставай — гэта палітычны працэс, лічыць святар.
У яго паведамленні таксама ідзе гаворка аб няправільным перакладзе яго тэксту ў матэрыялах справы — верагодна, нейкага ліста на польскай мове. Таксама згадваюцца эксперты з Міністэрства абароны, з чаго можна зрабіць выснову, што святару маглі інкрымінаваць нібыта перадачу нейкіх звестак на ваенную тэматыку.
Нагадаем, у Валожыне знаходзіцца вайсковая частка, якая размешчана ў самым цэнтры горада ў былым палацы па суседстве з касцёлам.
Святар лічыць, што яго справа была сфабрыкаваная ў тым ліку дзеля таго, каб пад надуманай падставай, пад выглядам «нанесенай шкоды» адабраць ахвяраванні, якія ў яго канфіскавалі, і запатрабаваць яшчэ большую суму.
Акрамя таго, стала вядома, што святара схілялі да правакацый супраць некаторых каталіцкіх іерархаў, але ён адмовіўся ў гэтым удзельнічаць. Ксёндз Генрых падкрэслівае, што ён ганарыцца тым, што можа пацярпець за Каталіцкую царкву, за веру, за Бога і просіць Яго даць яму сіл, каб да канца заставацца годным вучнем Хрыста.
Да ўсіх, хто чыніць беззаконне, святар ставіцца як да язычнікаў: не праклінае іх, не жадае зла, а аддае Божай справядлівасці.
Святар па-ранейшаму не мае магчымасці адпраўляць святую Імшу і яму нават не дазваляюць трапіць у малітоўную залу СІЗА, паколькі яна «не для яго» і ўвесь час зачынена. У такіх месцах не маюць паняццяў пра хрысціянскія каштоўнасці, стасункі паміж людзьмі, пра 10 запаведзяў, «не ведаюць Хрыста і Бібліі», кажа ксёндз.
У святара інваліднасць, хворае сэрца, гіпертанія, дыябет і іншыя сур'ёзныя праблемы са здароўем, але яму не аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу. Хутка яго, паводле прысуду, павінны накіраваць у калонію ўзмоцненага рэжыму.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
-
З вядомым рэлігіязнаўцам развітаюцца ў гомельскім касцёле
-
Першымі беларусамі, якія сустрэліся з новым Папам Рымскім, сталі грэка-католікі
-
Айцец Юхневіч даказвае невінаватасць і абскарджвае прысуд, які ён прыняў як Божае дабраславенне
-
Стала вядома, калі адкрыюць Чырвоны касцёл у Мінску
-
Упершыню за тры гады ў Мінску пасвечаны каталіцкі святар. Хто ён?