Logo
Print this page

Упершыню ва ўсёй Беларусі не адбылася малітва на месцы гібелі ахвяр рэпрэсій. Апошнім быў Гомель

Раней былі спыненыя набажэнствы ў Курапатах.

Важная шматгадовая традыцыя перапыненая ў Гомелі. Тут упершыню каталіцкія вернікі не змаглі памаліцца ля крыжа, усталяванага на месцы масавых пахаванняў ахвяр савецкіх рэпрэсій.

Штогод з 1990-х у дзень успаміну памерлых, 2 лістапада, католікі збіраліся на малітву на 9-м кіламетры Чарнігаўскай шашы на ўскраіне Гомеля. Сярод расстраляных у гэтых лясах былі многія вернікі, у тым ліку каталіцкія і праваслаўныя святары.

У апошнія гады набажэнства на гэтым месцы ўзначальваў біскуп Казімір Велікаселец. У пачатку 2026 года ён пайшоў з жыцця.

Як даведаліся каталіцкія вернікі Беларусі, сёлета ўпершыню мясцовыя ўлады не далі дазволу на правядзенне набажэнства на Чарнігаўскай шашы.

Гомель заставаўся апошнім у Беларусі месцам, дзе католікі ладзілі набажэнства на месцы пахавання ахвяр рэпрэсій. З 2023 года ў Курапатах пад Мінскам — на месцы найбольш масавых расстрэлаў рэпрэсаваных — не праводзіцца малітва, прынамсі публічная, якая раней таксама была штогадовай і праходзіла з удзелам біскупаў, у тым ліку Апостальскага нунцыя, прадстаўніка Ватыкана.

Раней арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч называў Курапаты «Галгофай беларускага народа» і адзначаў, што гэтае месца — неад'емная частка гісторыі народа, без пазнання і ацэнкі якой ён не мае будучыні.

Памяць аб ахвярах савецкіх рэпрэсій у Гомелі супярэчыць ідэалагічнай ўстаноўцы, згодна з якой у гэтым месцы расстрэлы праводзілі толькі нацысты падчас вайны, а аб масавых рэпрэсіях савецкіх уладаў замоўчваецца.

Падчас набажэнстваў католікі маліліся не толькі аб расстраляных, дзякавалі за сведчанне веры, подзвіг мучанікаў, але і прасілі аб міласэрнасці Божай для іх катаў.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onПанядзелак, 02 Лістапад 2026 16:57
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.