У Ватыкане ўсталююць душавыя кабінкі для бяздомных
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Царква
- Add new comment
“Базыліка існуе, каб захоўваць Цела Хрыста, а ў бедных мы служым пакутуючаму целу Езуса”.
Побач з базылікай св. Пятра будуць устаноўлены душавыя кабінкі для бездомных. 17 лістапада 2014 г. пачнецца рэканструкцыя санітарных пакояў для пілігрымаў, якія знаходзяцца пад знакамітай каланадай Берніні, недалёка ад Бронзавай брамы – уваходу ў Апостальскі палац Ватыкана. Па ініцыятыве папскага элемазінарыя, арцыбіскупа Конрада Краеўскага, тут будуць размешчаны таксама тры душавыя кабінкі – спецыяльна для бяздомных, якім няма дзе памыцца. “Базыліка існуе, каб захоўваць Цела Хрыста, а ў бедных мы служым пакутуючаму целу Езуса”, - адзначыў ён у інтэрв’ю італьянскаму інтэрнэт-парталу “Vatican Insider”.
Адзін з бліжэйшых супрацоўнікаў папы Францішка падзяліўся, што ідэя нарадзілася пасля размовы з адным з рымскіх бездомных. Яшчэ напачатку кастрычніка арцыбіскуп Краеўскі сустрэў яго на вуліцы і даведаўшыся, што той адзначае сваё 50-годдзе, прапанаваў разам схадзіць у рэстаран. “Я ж кепска пахну”, - пачуў іерарх у адказ.
Тым не менш, паход на вячэру адбыўся. Там бяздомны расказаў, што ў Рыме для бедных амаль не існуе праблемы з харчаваннем, дзякуючы шматлікім арганізацыям, якія раздаюць ежу, але з магчымасцю памыцца справы выглядаюць горш – туалетаў і душавых вельмі мала. Арцыбіскуп Краеўскі, які на працягу доўгіх гадоў дапамагае бедным, прызнаўся, што прызвычаіўся дзейнічаць неадкладна. “У Евангеллі Езус заўсёды карыстаўся словам “сёння”. І сёння мы павінны адказаць на гэту патрэбу”, - сказаў ён.
Іерарх наведаў з дзесятак рымскіх парафій, якія дапамагаюць бездомным, і там, дзе не было душавых кабінак, прапанаваў устанавіць іх. Фінансавую падтрымку рэалізацыі праекту выказаў гатоўнасць аказаць дабрачынны фонд знакамітага італьянскага спевака Андрэа Бачэлі, а тэхнічную – адно з італьянскіх камерцыйных прадпрыемстваў, паведаляе radiovaticana.va.
Душавыя кабінкі, устаноўленыя пад каланадай Берніні, не будуць пазначаны адпаведнымі таблічкамі, бо іх адрасаты – мясцовыя бяздомныя – будуць ведаць аб іх. Акрамя таго, арцыбіскуп Краеўскі плануе задзейнічаць у ініцыятыве вучняў цырульніцкіх курсаў, каб бездомныя мелі магчымасць скарыстацца іх паслугамі. Такім чынам яны будуць менш схільныя да хваробаў, перакананы папскі элемазінарый.
Related items
-
«Уся каталіцкая Беларусь моліцца». Як адрозніваецца афіцыйнае і неафіцыйнае жыццё Касцёла
-
Папулярны праваслаўны манах з Гомеля раскрытыкаваў Ватыкан і моцна памыліўся
-
Вакол Чырвонага касцёла ў Мінску будуюць сцяну. Што гэта можа быць?
-
Пра ксяндза Акалатовіча няма звестак ужо паўтара месяцы
-
Што адбываецца ў Нацыянальным санктуарыі на фоне маўчання, даведваліся вернікі