BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Біскуп Кашкевіч узначаліў свята палякаў у Нямеччыне

Падчас імшы беларускі іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў.

Урачыстасці ў нямецкім санктуарыі Маці Божай у Невігесе 20-21 чэрвеня ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які прыбыў, каб умацаваць у веры і дадаць моцы ў нясенні штодзённых жыццёвых абавязкаў. Святары з Таварыства Хрыста для палякаў-эмігрантаў традыцыйна ў трэцюю суботу і нядзелю чэрвеня запрашаюць да ўдзелу ў гэтых урачыстасцях у «вестфальскую Чэнстахову» палякаў і шанавальнікаў Панны Марыі.

Падчас сёлетніх урачыстасцяў у Год кансэкраванага жыцця асабліва маліліся за ўсіх кансэкраваных асобаў, якія прысвяцілі жыццё Богу і Касцёлу. Таксама праз заступніцтва Марыі Каралевы міру маліліся аб новых і шматлікіх святарскіх, законных і місійных пакліканнях да служэння ў Хрыстовым Касцёле. Беларускі іерарх узначаліў урачыстую Імшу з удзелам шматлікіх пілігрымаў, якія прыбылі ў санктуарый у шасці пешых пілігрымках вечарам 20 чэрвеня.

Звяртаючыся да пілігрымаў, біскуп заахвоціў, каб кожны з іх пастараўся адказаць сабе на пытанне: «Хто найважнейшы ў маім жыцці?» «Толькі тады, калі чалавек прызнае, што Бог ёсць Панам, што Ён першы і найважнейшы, — толькі тады падыход да матэрыяльных рэчаў і розных часовых клопатаў будзе правільным», — дадаў іерарх.

21 чэрвеня ў тым жа месцы біскуп Гродзенскі ўзначаліў Імшу для пілігрымаў, якія прыбылі рознымі транспартнымі сродкамі. У Эўхарыстыі ўдзельнічаў таксама генеральны настаяцель Таварыства Хрыста для палякаў-эмігрантаў кс. Рышард Главацкі.

«У гэтым святым месцы, асвечаным малітвамі тысяч пілігрымаў, просім Марыю, Маці Бога і нашу, якая з’яўляецца найдасканалейшым узорам бязмежнага даверу, аб ласцы простай, даверлівай, дзіцячай веры», — сказаў у гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Іерарх заахвоціў да поўнага даверу Богу, ад якога ўсё паходзіць. «Каб мы ніколі не падумалі, што сярод жыццёвых бур мы пакінуты толькі на сябе. Каб, прыходзячы да Езуса, мы мелі адкрытае сэрца і з Езусам – толькі з Ім – шукалі самых правільных і найлепшых вырашэнняў», — сказаў біскуп.

Таксама ў межах свайго візіту ў Германію біскуп Аляксандр Кашкевіч 21 чэрвеня ўзначаліў святую Імшу ў касцёле Маці Божай Успамогі верных у г. Брыль каля Кёльна, падчас якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў.

Звяртаючыся да прымаючых сакрамэнт, іерарх сказаў: “Гэты Боскі Суцяшыцель умацуе вас у адважным вызнаванні веры, зробіць здольнымі мужна выступаць у яе абарону, а таксама ўмацуе ў штодзённым даванні сведчання ўласным жыццём, згодным з навучаннем Хрыста”.

Біскуп нагадаў маладым людзям, што сучаснаму свету неабходна сведчанне аб Хрысце – “не мноства пустых словаў без зместу, але праўдзівасць канкрэтных учынкаў”. Іерарх заахвоціў усіх быць місіянерамі ў сваім асяроддзі.

Сatholic.by

Last modified onАўторак, 23 Чэрвень 2015 12:18
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць