BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Упершыню ў Беларусі - у Росіцы - прайшло свята буслоў

Ксёндз частаваў гасцей грыбной поліўкай і чытаў «Новую зямлю».

У беларускай вёсцы Росіца на мяжы з Латвіяй прайшло свята буслоў. Мерапрыемства адбылося 30 красавіка пад назвай “Зямля пад белымі крыламі”. Ідэя гэтага свята належыць айцу Чэславу Курэчку МІС, які ўжо восем гадоў служыць у касцёле ў Росіцы. Ён быў і асноўным арганізатарам свята. Дапамагалі яму ў гэтым парафіяне, супрацоўнікі Дома культуры з суседняй Сар’і, святары, проста неабыякавыя людзі.

“Я выбраў буслоў, бо гэта сімвал нашай краіны, нашай Беларусі. А я люблю гэтых птушак, іх у Росіцы шмат, бо ёсць возера, люблю за імі назіраць, рабіць для іх гнёзды. Таму і зрабіў такое свята веснавое, крыху смешнае, свята буслоў. Каб падзяліцца гэтай радасцю, каб сабраць людзей, каб памаліцца разам за нашу краіну, за нашы сем’і, каб у нас была любоў, згода, каб не было вайны, каб Пан Бог бараніў нас ад усяго ліхога”, - кажа айцец Чэслаў.

Святочная праграма пачалася ў 11 гадзін з адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Пасля гэтага распачалася канферэнцыя “Экалогія сям’і”, якую правёў айцец Віталь Сапега OP з Віцебску. Ён адзначыў, што бусел з’яўляецца сімвалам не толькі Беларусі, але і сімвалам сям’і. Папа Францішак у сваёй энцыкліцы “Laudato si” заклікае бараніць прыроду, бо яна - гэта Божы дар. І чалавек мусіць жыць у гармоніі з прыродай. Зараз жа чалавечыя сем’і стаяць перад сур’ёзнымі выпрабаваннямі, якія ставіць перад імі сучасны спажывецкі свет. Калі мы зможам захаваць моцныя сем’і, то ў нас будзе і моцная краіна, якая здолее выстаяць перад любымі выпрабаваннямі, піша catholicnews.by.

Пасля канферэнцыі распачалася святая Імша, слова да вернікаў прамовіў ксёндз Вячаслаў Адамовіч, які зараз працуе ў Дзісне. Святар параўнаў моц чалавечай веры з палётам бусла. Бусел, каб падняцца над зямлёй, часта махае крыламі, а калі падымецца, то ўжо проста лунае над ёй, расправіўшы крылы. Так і чалавек, калі яго вера слабая, мусіць часцей працаваць сваімі духоўнымі крыламі, каб потым ужо ўпэўнена лунаць з ёй у жыцці, як бусел у небе.

Святар адзначыў: “Для нашых продкаў бусел быў вобразам уваскрасення Езуса Хрыста, бо ён вяртаецца вясной, прыкладна тады, калі святкуецца Вялікдзень. І ён вяртаецца пасля зімы, што сімвалізуе смерць, і пачынае новае жыццё. Таму людзі і лічылі яго сімвалам уваскрасення Езуса Хрыста.”

Канцэртную праграму для гасцей свята падрыхтавалі супрацоўнікі Сар’янскага Дома культуры. Са сцэны гучалі песні пра нашу прыроду, краіну, а айцец Часлаў прачытаў урывак з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, прысвечаны буслам.

Пасля росіцкі святар запрасіў усіх на абед, які прайшоў на свежым паветры побач з касцёлам. Гэтае месца айцец Чэслаў назваў летняй кавярняй “У бусла”, бо непадалёк размешчанае буслінае гняздо. Гасцей пачаставалі грыбной поліўкай “ад айца Чэслава”, якую ён гатаваў для гасцей сам, тушанай бульбай, кампотам.

Media

Last modified onПанядзелак, 02 Май 2016 12:33
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць