Logo
Print this page

Пілігрымы ў Будслаў збіраюць просьбы аб малітве праз Інтэрнэт і запрашаюць у онлайн-пілігрымку

Кожны можа здзейсніць і «духоўную пілігрымку» [умовы]

Пешая пілігрымка Баранавічы - Будслаў, якая вырушыць у шлях 22 чэрвеня, абвясціла аб зборы просьбаў аб малітве. Адправіць сваю просьбу можна праз групу пілігрымкі ў сацсетцы «Вконтакте», а таксама на электронны адрас pavelocd@gmail.com ці на нумар мабільнага (смс, Viber, Whatsapp) +375 29 7090093. Па дарозе ў Будслаў пілігрымы будуць маліцца аб тым, пра што папросяць інтэрнэт-карыстальнікі. Нагадаем, пілігрымка пройдзе пешшу амаль 300 кіламетраў за 9 дзён.

Акрамя таго, кожны можа здзейсніць «духоўную пілігрымку». Духоўны пілігрым - гэта чалавек, які па розных прычынах не можа сам ісці ў пілігрымку, але штодня моліцца ў інтэнцыі пілігрымаў. Тыя, у сваю чаргу, ідуць у Будслаў у яго інтэнцыі. Кожны дзень таксама ў інтэнцыі духоўнага пілігрыма будзе цэлебравацца Св. Імша (усе 9 дзён - навэнна).

Абавязкі духоўнага пілігрыма: штодзённая малітваў (каронка да Божай міласэрнасці, літанія да Маці Божай, малітва пілігрыма), пост у пятніцу, удзел у Св. Імшы, добрыя справы.

- Памятаеце, мы крочым у Вашай інтэнцыі праз спёку сонца, 293 км, нягледзячы на мазалі, дождж і іншыя перашкоды. Няхай Бог Вас дабраславіць! - жадае адзін з арганізатараў кс. Павел Рудзьман і нагадвае, што штогод шлях пілігрымаў транслюецца  online з дапамогай сацсетак:

-Ужо дзейнічаюць тры дадатковыя акаўнты, каб духоўныя пілігрымы (і не толькі) назіралі і ў думах ішлі з намі:

instagram.com/arly_my

vk.com/id432894146

twitter.com/Arly_my_?s=09

Заходзьце, падпісвайцеся і будзеце ў курсе усіх мазалёў пілігрымаў. Таксама мы ўводзім трэ хэштэга і прапануем ставіць іх пад сваімі допісамі і здымкамі, якія тычацца нашай пілігрымкі: #Baranki_Budslove2017 #Budslau2017 #my_arly

МАЛІТВА ПІЛІГРЫМА ДА МАЦІ БОЖАЙ БУДСЛАЎСКАЙ

Маці Божая Будслаўская! Панна праслаўлёная! Да падножжа Твайго алтара, да месца, якое абрала Ты, каб з’явіцца людзям Беларускай зямлі, наш пралягае шлях. Увесь цяжар пілігрымкі мы ахвяруем Твайму Сыну на знак вялікай удзячнасці за збаўленне роду людскога з моцы смерці. Кожны крок наш у гэтыя дні - на хвалу Яго, падзяка Яму, адданасць Яму. Кожны стук сэрцаў – падзяка Табе за тое, што нам дала Сына Збавіцеля. Кожны ўздых грудзей – падзяка за шчасце жыць на гэтай зямлі. Усе нягоды нашай збалелай Бацькаўшчыны, увесь Яе боль і векавечны смутак мы нясём сёння да Твайго алтара і аднаго просім у Твайго Сына – літасці. Няхай замест цемры над Ёй запануе святло, замест злосці прыйдзе ў край наш дабро, замест паняверкі – праўдзівая вера асвеціць душы людзей.

Маці Міласэрная! Прытулак грэшных! Ратуй нас з цемры бязвер’я, дапамажы адшукаць на заблытаных сцежках адзіны верны шлях да Твайго Сына. Навучы нас ніколі больш не здраджаць Яму ў жыцці часовым, каб заслужыць жыццё і радасць вечную. Амэн.

Last modified onПанядзелак, 12 Чэрвень 2017 12:55
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.